наўздаго́нкі, прысл.
Разм. Даганяючы, пераганяючы каго‑, што‑н. Дзеці на вуліцы насіліся наўздагонкі, скакалі, спявалі. Сінілаў.
наўздзі́ў, прысл. і прыназ.
1. прысл. На дзіва; надзвычайна. Трава.. [на лузе] была балотная, наўздзіў рослая, густая. Сачанка. Раніца настала наўздзіў спакойная і прыгожая. Дуброўскі. Адзенне на ўсіх [людзях] было наўздзіў абшарпанае, заношанае. Лынькоў.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўздзіў» выражае аб’ектныя адносіны: на дзіва каму‑, чаму‑н. Бацька.. зусім нечакана, наўздзіў суседзям захапіўся вудамі. Брыль.
наўздо́ўж, прысл.
Разм. Тое, што і уздоўж. Палосы гэтыя не толькі дзеляцца наўздоўж, яны і ўпоперак падзелены. Брыль.
на́ўзніч, прысл.
Разм. На спіну, на спіне тварам угору. Ляжаць наўзніч. □ Прыглушаныя вокрыкі, як і стогн ад’ютанта, Паддубны выразна пачуў.., калі з.. сілай паляцеў наўзніч. М. Ткачоў. Хадора наступіла на.. [абору] і наўзніч грымнулася на блішчастую паркетную падлогу. Сабаленка.
наўзры́д, прысл.
У выразе: плакаць наўзрыд гл. плакаць.
наўко́л, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Над галавою — нізкае хмарнае неба, а наўкол лугі з высокімі прысадзістымі стагамі і цішыня. Грахоўскі. [Картыжоў:] — Ды тут наўкол ва ўсіх дзесяці вёсках не знойдзеш такой пілы, каб парэзаць.. [дуб]. Чыгрынаў.
2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3, 4 знач.). Наўкол моста чысты, як далонь, луг: не падбярэшся, каб не заўважылі. Шуцько. Сашчэплена кола наўкол Маіх лепшых надзей. Панчанка.
наўко́ла, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Цікаўныя вочы хлопца дапытліва пазіраюць наўкола. Васілёнак.
2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3, 4 знач.). Гунава ўстаў, прайшоў наўкола стала і падкінуў наском бота бутэльку. Самуйлёнак. Тым часам наўкола фурманкі ўсё прыбываў гурт. Калюга.
наўко́лле, ‑я, н.
Абл. Наваколле. Рэкі сталі позна, а на топкіх балотах асобныя выгары і цяпер дымяцца сіняй парай, як увосень, засцілаючы наўколле туманамі. Ермаловіч.
наўко́льны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Навакольны. З наўкольных сёл на трасу Высыпле ўзрушаны народ. Калачынскі.
наўко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Укапаць вялікую колькасць чаго‑н. Наўкопваць слупоў.