Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасо́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасопваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

пасо́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Сапці злёгку, ціха або час ад часу. Макар уладкаваўся сабе ў цяньку і паціху пасопваў носам. Б. Стральцоў. Сяргейка ціхенька пасопваў, уткнуўшыся тварам у падушку. Хомчанка.

пасо́ўванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасоўваць — пасунуць.

2. Невялікае зрушэнне (пра льды).

пасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пасунуцца (у 1, 3 знач.).

2. Перамяшчацца паціху ў якім‑н. напрамку; паволі рухацца. Павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся стары зубр да ручая, абрываючы па дарозе маладыя парасткі з дрэў. В. Вольскі. І па меры таго, як усё далей на захад адступаў фронт, услед за ім пасоўваўся і шпіталь. Васілевіч. Павольна наша фурманка пасоўвалася наперад, парушаючы цішыню наваколля. М. Ткачоў.

3. Зал. да пасоўваць.

пасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да пасунуць (у 1, 2 знач.).

2. Соваць туды-сюды. Тады Рыбак пачаў злёгку пасоўваць авечку на плячах: пакуль адно несла, другое адпачывала — так было зручней. Быкаў.

пасо́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Соўгацца некаторы час. Чырванашчокі пасоўваўся, потым прыўзняўся, пакратаў Каваля за рукаў. Савіцкі.

пасо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасаваць ​2 і пасавацца.

пасо́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зрабіўся, стаў сухім, страціўшы вільгаць. // Які перасох (пра вусны). Пасохлыя ад смагі губы.

2. Які завяў, засох ад неспрыяльных умоў. На шмат кіламетраў цягнуліся бязводныя, высушаныя гарачым ліпеньскім сонцам палі — іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая белая кукуруза... Шамякін. Навалілася хмара дымная, Цёмная, неабдымная.. Маці глянула, ціха вохнула: — Ажывуць мае грады пасохлыя! Панчанка.

пасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пасох, ‑ла; зак.

1. Зрабіцца, стаць сухім, страціўшы вільгаць; высахнуць. Бялізна пасохла. □ — Снедай, — сказала .. [Вілю] маці, — а то аладкі ў печы зусім пасохнуць. Чарнышэвіч. Дзе ўшчэнт пасохла Зямля без жывых расін, Засмягла і стала [в]охрай Лісце лясных раслін. Калачынскі. Усцяж вады лужок быў стаптаны скацінай, людзьмі, птушкамі, пабурэў за лета, пасох. Карамазаў. // Перасохнуць (пра вусны). Твар рэдактара быў памяты, пад вокам сіняк, губы пасохлі. Гурскі. // Выпарыцца, знікнуць (пра вадкасць). Лужыны пасохлі. □ Ён [амерыканскі салдат] цешыцца! Кладзе свой брудны след На той зямлі, дзе не пасохла кроў яшчэ. Панчанка.

2. Звянуць, засохнуць ад неспрыяльных умоў — пра ўсё, многае. Дваццаць пяць дзён дажджу не было, Дваццаць пяць дзён не было расы, Дваццаць пяць дзён панаваў спалох: Жыта пасохла, згарэлі аўсы. Хведаровіч. Навалам ляжала вялікае каменне. Яго панакідана так густа, што багата якія дрэўцы, заціснутыя паміж імі, пасохлі. М. Стральцоў.

3. Разм. Схуднець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

4. Сохнуць некаторы час.

пасо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Сачыць патроху або час ад часу.