падхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
Абл. Ухадзіцца. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Народ падхадзіўся. Колас.
падхалі́м, ‑а, м.
Нізкі, подлы чалавек, які дагаджае, хваліць у мэтах асабістай выгады; падлізнік. — Ото душа! Ото начальнік! — Так падхалімы кожны раз Хвалілі, соладка гурчалі І грошы мірна кралі з кас. Панчанка. [Містэра Лаяна] не маглі абмануць ліслівыя позіркі, кампліменты яўных падлізаў, робленыя ўсмешкі падхалімаў. Лынькоў.
падхаліма́ж, ‑у, м.
Разм. Тое, што і падхалімства. — Міхась Кірылавіч праўду кажа, ад пісьма патыхае падхалімажам, — падтрымала .. [дырэктара] Марына Астапаўна. Шамякін.
падхалі́місты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Схільны да падхалімства; які дзейнічае як падхалім.
падхалі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Жан. да падхалім.
падхалі́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паводзіць сябе як падхалім. [Сабалеўскі] не столькі распытваў пацярпеўшых для высвятлення справы, колькі падхалімнічаў і выслужваўся перад сваімі, як ён называў іх, «калегамі». Машара.
падхалі́мскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы падхаліму. Падхалімская ліслівасць. Падхалімскія звычкі.
падхалі́мства, ‑а, н.
Разм. Паводзіны падхаліма. Праявіць падхалімства.
падхаму́тнік, ‑а, м.
Лямцавая падкладка пад хамутом.
падхапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.
Разм.
1. Хутка, імкліва ўстаць, усхапіцца з месца. Вартавы ўпаў, але праз момант падхапіўся і шпарка пабег у глыбіню двара. Шамякін. Дзяўчына зірнула на свой наручны гадзіннік, кінула нажніцы і падхапілася: — Ой, хлопчыкі! Я зноў спазнілася ў вытворчыя майстэрні. Даніленка.
2. Нечакана ўзнікнуць, узняцца. Падхапіўся мароз. □ Як на тое, падхапіўся страшэнны вецер. Ён вырываў з будынкаў дранічыны, ахапкі сена і разносіў агонь навокал. Пальчэўскі.