паснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.
1. Аснаваць усё, многае. Паснаваць усю пражу.
2. і без дап. Снаваць некаторы час. Паснаваць з паўгадзінкі пражу. □ Шмат давялося мне паснаваць па лузе, пакуль я ўбачыў Верку Базылёву. Сіняўскі.
пасне́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
З’есці снеданне; скончыць снедаць. [Юнак:] — Ах, як прыемна, Яўхім, зараз памыць рукі, паснедаць і паспаць. Пестрак. Паснедаўшы, Стафанковічы пачалі збірацца ў млын. Чорны. Я прачнуўся позна, гаспадары кудысьці сышлі, пакінуўшы запіску, як і чым паснедаць. Лужанін.
пасно́ўдацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Сноўдацца некаторы час. Можна пасноўдацца і па вуліцы: усё ж сярод людзей адчуваеш сябе неяк спакайней, чым у гэтай клетцы. Гаўрылкін.
пасну́ць, ‑сне; ‑снём, ‑сняце, ‑снуць; зак.
Заснуць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Было зусім ціха. Напэўна ўжо ўсе паснулі. Чорны. Бадай усё жывое паснула. Чарот. Стомленыя за дзень людзі хутка паснулі. Лынькоў.
пасо́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак.
Разм. Дапамагчы. Расла .. [Ніна] ціхая, не смеючы слова адказаць сварлівай мачысе, думала толькі, каб пасобіць падняцца меншым братам і сястры. Галавач.
пасо́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. і без дап. Соваць некаторы час.
2. Пакласці што‑н. куды‑н. абы-як. Пасоваць рэчы ў чамаданы.
пасо́л, ‑ела, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.
2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.
3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.
пасо́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасаліць.
2. у знач. прым. У які ўсыпалі солі; салёны. Суп быў з бручкі, бульбы і буракоў, звараны на нішчымнай, але пасоленай вадзе. Машара.
пасо́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пасла, пасольства.
•••
Пасольскі прыказ (гіст.) гл. прыказ.
пасо́льства, ‑а, н.
1. Дыпламатычнае прадстаўніцтва адной дзяржавы ў другой на чале з паслом. Персанал пасольства. Амерыканскае пасольства. // Будынак, у якім знаходзіцца гэтая ўстанова.
2. Асоба або група людзей, пасланых з даручэннем якога‑н. характару.