Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́нцырны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да панцыра (у 1 знач.), з’яўляецца панцырам. Панцырныя даспехі.

2. Які мае адносіны да панцыра (у 2 знач.); які пакрыты панцырам. Панцырныя рыбы.

3. Зроблены з металічных кольцаў, якія ўваходзяць адно ў другое. Ложак з панцырнай сеткай.

4. Спец. Пакрыты металічнай абшыўкай, бранёй.

5. Які мае адносіны да панцыра (у 4 знач.). Панцырны скафандр.

6. Які мае цвёрдае покрыва (пра плады некаторых раслін). Панцырныя сарты сланечніку.

панцюркі́зм, ‑у, м.

Шавіністычная дактрына турэцкіх рэакцыйных буржуазна-памешчыцкіх колаў, якая ставіць сваёй мэтай аб’яднаць пад уладай Турцыі ўсе народы, што гавораць на цюркскіх мовах.

панчо́хі, ‑чох; адз. панчоха, ‑і, ДМ ‑чосе, ж.

1. Выраб машыннага або ручнога вязання, які надзяваецца на ногі і заходзіць за калені. Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.

2. перан. Поўсць іншага колеру, якая пакрывае ніжнюю частку ног каня або іншай жывёлы.

панчо́шнік, ‑а, м.

Майстар па вырабу панчох.

панчо́шніца, ‑ы, ж.

Жан. да панчошнік.

панчо́шны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да панчохі (у 1 знач.). Панчошная фабрыка. // Які служыць для вырабу панчох. Панчошная пража.

па́ншчына, ‑ы, ж.

Гіст.

1. Пры прыгонным праве — дармавая прымусовая праца сялян на пана. Адбываць паншчыну. □ [Пытляваны:] Мы вас за краты не пасадзім і на паншчыну не пагонім. Крапіва.

2. Разм. Прыгоннае права. Пад сялян гэтыя горшыя кавалкі зямлі пайшлі тады, калі была скасавана паншчына. Чорны.

па́ншчынны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да паншчыны. Паншчынная гаспадарка.

паны́ла,

1. Прысл. да панылы.

2. безас. у знач. вык. Пра панылы настрой, які адчувае хто‑н. Сумна, паныла ўсе гэтыя дні на душы ў Міці. Навуменка. // Пра акружэнне, якое наводзіць панылы настрой. У хаце было паныла, быццам недзе за сцяной ляжаў нябожчык. Асіпенка.

паны́ласць, ‑і, ж.

Стан панылага. — Чаго ж гэта вы? — пытаецца Нэля. — Іграйце, вы ж добра іграеце. — Не хочацца, — кажа Марцін, — і сядзіць сагнуўшыся, увесь у паныласці. Лупсякоў.