Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паку́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. звычайна безас. Звесці курчам. Рукі пакурчыла.

2. Пагнуць, пакрывіць усё, многае.

пакуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., што.

1. і без дап. Курыць некаторы час. Андрэй пакурыў і сам пачаў высыпаць кашы. Чарнышэвіч.

2. Скурыць усё, многае. Пакурыць усе папяросы.

пакурэ́ць, ‑эе; зак.

Курэць некаторы час. Лучына пакурэла і загасла.

пакуса́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакусаць.

пакуса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Укусіць у многіх месцах або ўсіх, многіх. Хлопчыка пакусалі пчолы, ён увесь распух і пакутаваў страшэнна. Васілевіч.

паку́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Кусаць час ад часу, злёгку. [Гумоўскі] неяк прыгнуўся, здавалася ажно калаціўся і .. пакусваў сівы вус ад хвалявання. Броўка. Ліхачоў нервова пакусваў папяросу і не спускаў вачэй з хлопчыкаў. Беразняк.

паку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.

Вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне. Часам.. дзверы вагона адчыняліся, і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць пэўную порцыю вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глытнуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты... Маўр. Рэўнасць.. [Сцяпана] нарадзілася разам з каханнем, і гэтыя пачуцці-блізняты па чарзе то натхнялі яго, то прычынялі пакуту. Дуброўскі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. — Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас. // Аб выяўленні пакутлівых адчуванняў. Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, і на твары яе была пакута. Шамякін.

паку́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Цярпець пакуты; мучыцца. Відаць было, што.. [чырвонаармеец] вельмі пакутаваў ад болю, можа нават дажываючы апошнія хвіліны. Якімовіч.

2. Пераносіць якія‑н. нягоды, цяжкасці. Беларуская вёска пакутавала ад беззямелля. Навуменка. Цяцерын вельмі пакутуе ад таго, што ў яго няма наглядных дапаможнікаў. Арабей.

паку́тліва,

1. прысл. З адчуваннем, пачуццём пакуты. Хлопцы сноўдаліся па лесе, пакутліва думалі — што рабіць далей. Новікаў. // Выяўляючы, паказваючы пакуту. Гэлін твар на імгненне пакутліва перасмыкнуўся. Навуменка. // Прычыняючы пакуту. Пакутліва ныла спіна, ад напружання балела шыя. Шамякін.

2. прысл. У вялікай ступені, вельмі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак, ужо нават вылузаны з каляровай паперкі. Брыль. Пакутліва доўга цягнуўся дзень. Шамякін.

3. безас. у знач. вык. Цяжка, нязносна. Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Сядзець за сталом было пакутліва. Ваданосаў.

паку́тлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пакутлівага.