Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падваро́тніца, ‑ы, ж.

Дошка, якая закрывае шчыліну паміж варотамі (радзей дзвярамі) і зямлёй. Бацька ў доўгім кажусе, перацягнуты рамянём, вымае падваротніцу і адчыняе вароты. Брыль. [Іван і Шмігельскі] абышлі вугал гумна, пераступілі цераз падваротніцу бакавых дзвярэй. Лобан.

падваро́тня, ‑і, ж.

1. Шчыліна паміж варотамі (радзей дзвярамі) і зямлёй. Грымеў ланцугом па дроце ад свірна да хлява здаравенны рыжы сабака, які да гэтага ляжаў у хляве, зашыўшыся туды праз падваротню. Дамашэвіч.

2. Дошка, якой закрываюць гэтую шчыліну; падваротніца. Мы асцярожна выцягнулі падваротню, паўзком пралезлі ў дзірку. Жычка.

3. Праём у доме або паміж дамамі для праезду, праходу ў двор (звычайна ў шматпавярховых будынках). Забегчы ў падваротню. □ Дзіцяняты, як вераб’і, кінуліся гарохам па дварах, падваротнях. Лынькоў. Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч.

падваро́чвацца, ‑аецца.

Незак. да падвярнуцца (у 1 знач.).

падваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падвярнуць.

падвартавы́, ‑ога, м.

Памочнік вартавога на пасту.

падвару́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падварушыць.

падвару́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падварушыць.

падварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Паварушыць злёгку, нямнога; раскідаць, разгрэбці. Падварушыць сена. □ Дзед прысеў.. ля дзверцаў, падварушыў дровы, і праз дзірачкі дзверцаў выбліснулі залатыя прамяні. Сабаленка.

2. перан. Прымусіць рабіць што‑н. лепш, хутчэй; ажывіць справу. Валодзю Іванову трэба правесці ў калгасе камсамольскі сход, падварушыць трохі камсамольцаў, а то прыціхлі нешта. Палтаран.

падваршта́тнік, ‑а, м.

Ніжняя частка варштата, на якой умацавана варштатная дошка.

падвары́цца, ‑варыцца; зак.

Разм. Паварыцца яшчэ крыху, дадаткова. Няхай каша яшчэ падварыцца.