напо́ўненасць, ‑і, ж.
Паўната, насычанасць чым‑н. Псіхалагічная напоўненасць вобразаў.
напо́ўнены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад напоўніць.
напо́ўніцу, прысл.
Разм. На поўны рот, прагна (есці). А потым як бульба спячэцца, здаволены [верасень], дзьмухае, студзіць і есць напоўніцу... Васілевіч.
напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.
2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.
напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.
2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.
напрабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Прабіць вялікую колькасць чаго‑н. Дом быў злеплены так недарэчна, што вокны ў ім знаходзіліся на розных узроўнях, нібы хто напрабіваў дзірак у сцяне. Маўр.
напра́ва, прысл.
У правы бок; проціл. налева. Сябры падышлі да пераезду і павярнулі направа. Шыловіч. // На правым баку, з правага боку. Налева ад дарогі стаяў прыгожы домік з чырвонай цэглы.. А направа, за вузкай грэбелькай з гарбатым мосцікам, віднеўся невялічкі вадзяны млын. Чарнышэвіч. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.
•••
Направа і налева — без разбору, усім, усіх і пад.
напра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак.
1. што. Зрабіць прыгодным для карыстання; адрамантаваць. Направіць станок. □ Тоня ўзяўся направіць малатарню за тры дні. Чорны. // Падвастрыўшы, зрабіць прыгодным для карыстання. Направіць брытву. Направіць касу.
2. чаго. Унесці вялікую колькасць паправак, змен (у тэкст, карэктуру і пад.). Направіць памылак у карэктуры.
напрада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напрасці.