напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.

2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)