надра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Нарабіць драпін на чым‑н. Надрапаць на стале. Надрапаць палос на шыбе.
2. што. Разм. Неразборліва напісаць. Надрапаць ліст. Надрапаць заяву. // Напісаць што‑н. (звычайна хутка, паспешліва).
надра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да надрапаць.
надра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; заг. надзяры; зак.
1. чаго. Аддзіраючы, нарыхтаваць нейкую колькасць чаго‑н. Надраць вязку лыка. □ З маладой ліпы [Алёшка] надраў кары. Якімовіч. // Навыдзіраць, навырываць; нарваць. Жанчыны надралі ў лесе дзеразы, упрыгожылі дугі, уплялі ў дзеразу чырвоныя стужкі. Місько. У густым лазняку [мы] знайшлі стары акон, надралі моху. Жычка.
2. чаго. Разрываючы на часткі, нарваць у нейкай колькасці чаго‑н. Надраць паперы. Надраць каснікоў.
3. чаго. Зняць абалонку з зярнят, ператвараючы іх у крупы. Надраць мяшок круп.
4. чаго. Нацерці на тарцы чаго‑н., натаркаваць. Надраць міску бульбы.
5. што. Разм. Начасаць, расчасаць скуру, нацерці яе чым‑н. цвёрдым. Надраць руку да болю. □ [Камлюк:] — Такая лазня — лепшы лекар... Па сабе адчуваю. Вось надраў венікам ногі, напёк — адразу палягчэла, быццам і не было ў іх праклятага раматусу. М. Ткачоў.
надро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надрабіць 1.
2. Прыробленая, надвязаная да чаго‑н. частка.
надро́блены 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надрабіць 1.
надро́блены 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надрабіць 2.
надро́бліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. надробліваць.
надро́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Тое, што і надрабляць.
надрукава́нне, ‑я, н.
Змяшчэнне ў друку. Гэтыя рэвалюцыі Андрэй адкладае асобна — іх трэба паслаць у Вільню ў рэдакцыю газеты «Наша праўда» для надрукавання. Пестрак. [Максіму Багдановічу] не было яшчэ і васемнаццаці, калі пасля надрукавання вершаў «Краю мой родны! Як выкляты богам...», «З песняў беларускага мужыка», «Вадзянік» яго імя сталі называць услед за імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Лойка.
надрукава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад надрукаваць.
2. у знач. наз. надрукава́нае, ‑ага, н. Тое, што надрукавана. Тады ж Парамон і пачаў друкавацца. Колькі.. задавальнення ён перажыў, калі ўбачыў упершыню надрукаванае. Грамовіч.
надрукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
1. Змясціць свае творы ў друку. Надрукавацца ў часопісе.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Атрымацца ў выніку друкавання. Малюнак добра надрукаваўся.