надра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; заг. надзяры; зак.

1. чаго. Аддзіраючы, нарыхтаваць нейкую колькасць чаго‑н. Надраць вязку лыка. □ З маладой ліпы [Алёшка] надраў кары. Якімовіч. // Навыдзіраць, навырываць; нарваць. Жанчыны надралі ў лесе дзеразы, упрыгожылі дугі, уплялі ў дзеразу чырвоныя стужкі. Місько. У густым лазняку [мы] знайшлі стары акон, надралі моху. Жычка.

2. чаго. Разрываючы на часткі, нарваць у нейкай колькасці чаго‑н. Надраць паперы. Надраць каснікоў.

3. чаго. Зняць абалонку з зярнят, ператвараючы іх у крупы. Надраць мяшок круп.

4. чаго. Нацерці на тарцы чаго‑н., натаркаваць. Надраць міску бульбы.

5. што. Разм. Начасаць, расчасаць скуру, нацерці яе чым‑н. цвёрдым. Надраць руку да болю. □ [Камлюк:] — Такая лазня — лепшы лекар... Па сабе адчуваю. Вось надраў венікам ногі, напёк — адразу палягчэла, быццам і не было ў іх праклятага раматусу. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)