падта́лы, ‑ая, ‑ае.
Які злёгку падтаў, растаў. Наўкола ляжала шэрая ноч з плямамі падталага снегу ў доле. Быкаў. І на полі ў барознах хлюпкіх Лёд падталы ў вадзе стаіць. Гілевіч.
падтанцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Суправаджаць якое‑н. дзеянне танцам, скокамі або рабіць танцавальныя рухі. Надзейка вальсіравала з Ленай і прыпынілася перад .. [Андрэем]. Падтанцоўваючы, заспявала. Сапрыка.
падтапі́ць 1, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., каго-што.
Часткова затапіць, заліць вадой. Падтапіла паводка будынкі.
падтапі́ць 2, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што і чаго.
Растапіць дадаткова, яшчэ трохі. Падтапіць сала. Падтапіць масла.
падтапта́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падтаптаць.
падтапта́цца, ‑топчацца; зак.
Разм. Крыху знасіцца (пра абутак). Падтапталіся боты.
падтапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Топчучы нагамі, падмяць пад сябе, раздушыць. Коні падтапталі гусей.
2. Разм. Крыху знасіць абутак. Падтаптаць боты.
•••
Падтаптаць пад ногі — падпарадкаваць сваёй волі, сваёй уладзе; перастаць лічыцца з кім‑, чым‑н. [Лявон:] Гэта парка яшчэ сябе пакажа, хутка ўсю вёску падтопча пад ногі. Козел.
падтасава́ны і падтасо́ваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падтасаваць.
падтасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
Тасуючы, падабраць у патрэбным парадку (пераважна з мэтай падману). Падтасаваць карты. // перан. Наўмысна сказіць, падабраўшы толькі выгаднае, патрэбнае для нейкага вываду. Падтасаваць факты. Падтасаваць матэрыялы.
падтасо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падтасоўваць — падтасаваць.