падсушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., што.
Крыху, злёгку высушыць, зрабіць сушэйшым. Быў той час, калі людзі прасілі: «Прыходзіла б ужо зіма. Няхай бы падсушылі марозікі зямлю, каб яна не тапілася ў гразі і ў балоце». Колас.
падсце́нак, ‑нка, м.
Уст. Мураваны выступ у сцяне для ўстойлівасці; ніжняя частка сцяны.
падсцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсцерагчы.
падсцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. падсцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. падсцеражы; зак., каго-што.
Высочваючы, дачакацца з’яўлення каго‑, чаго‑н.; падпільнаваць. [Грачова:] — Ноч спаць не буду, а падсцерагу... падсцерагу, як.. [хлопец] цябе дадому прывядзе. І раскажу, усё яму вылажу. Ракітны. А летам сын гуляў на волі, Хадзіў па лесе і па полі, І вось раз Насцю падсцярог. Колас.
падсцёбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсцёбнуць.
падсцёбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго.
Падганяючы, сцебануць злёгку чым‑н. гнуткім. Шашура ўзяў лейцы, лёгка падсцёбнуў каня, і павозка кранулася. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй, лепш; паскорыць што‑н. — З Пецярбурга, — коратка буркнуў англічанін. І гэта як бы падсцёбнула карчмара. Ён закрычаў: — Хая, Сорка, Клара, Шмуль!.. Паспяшайцеся. Сачанка.
падсціла́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсцілаць — падаслаць 2.
падсціла́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падаслацца.
2. Зал. да падсцілаць.
падсціла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падаслаць 2.
падсці́лачны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для падсцілання, для подсцілу. Падсцілачная салома.