Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўсо́тня 1, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.

Тое, што і паўсотні. Паўсотня, не больш, кіламетраў аддзяляе Завоссе — радзіму Адама Міцкевіча — ад Мікалаеўшчыны — радзімы Якуба Коласа. Лойка. Калісьці тут, каля Друці, Паміж лясоў дрымучых, Паўсотня згорбленых хацін Стаяла па-над кручай. Жычка.

паўсо́тня 2, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.

Палавіна сотні як вайсковая адзінка казацкага войска ў дарэвалюцыйнай Расіі.

паўспаміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Успомніць усё, многае або ўсіх, многіх.

2. і без дап. Успамінаць некаторы час. Потым мы паўспаміналі даваеннае жыццё, пагаварылі пра Данусю, і я пайшоў. Карпюк.

паўспіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Усперціся — пра ўсіх, многіх. Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны. Чорны.

паўсплыва́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Разм. Усплыць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. А калі апала на ваду [пяро], — Пасінелі, зашумелі хвалі, .. І сузор’і лілій паўсплывалі... Танк.

паўспо́рвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Успароцца — пра ўсіх, многіх.

паўспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Успароць усіх, многіх або ўсё, многае.

паўспуха́ць, ‑ае; зак.

Успухнуць — пра ўсё, многае. Пальцы паўспухалі ад холаду.

паўспу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Спушчаны не да канца. Паўспушчаная штора.

паўстава́ць 1, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце, ‑ставіць; зак.

Устаць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Фільм канчаўся, і пакрысе аціхала музыка. Паўставалі, застукалі крэсламі людзі. Вышынскі. Высахла папараць, паўставала з зямлі, прычасалася; цяпер яна зусім маладая, бы і не мерла, а толькі змяніла свой колер за зіму. Пташнікаў.

паўстава́ць 2, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае.

Незак. да паўстаць.

паўстаго́ддзя, н.

Палавіна стагоддзя, пяцьдзесят гадоў. [Арэшкін:] — Тут у нас ёсць нехта Шаблюк, старэйшы настаўнік... Безумоўна, заслужаны чалавек... Нешта каля паўстагоддзя працаваў на ніве народнай асветы. Шамякін.