Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасмуці́цца, ‑смучуся, ‑смуцішся, ‑смуціцца; зак.

Тое, што і пасмуткаваць.

пасмы́квацца, ‑аецца; незак.

Рабіць міжвольныя сутаргавыя рухі (пра рысы твару). Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека. Караткевіч.

пасмя́глы і пасма́глы, ‑ая, ‑ае.

Перасохлы (пра губы, рот). Пад вачыма ў Андрэя — чорныя кругі, а губы пасмяглыя, з белым налётам па кутках. Новікаў. // Пасохлы ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца. Стаяла засуха. Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў.

пасмя́гнуць і пасма́гнуць, ‑не; зак.

Перасохнуць (пра губы, рот). На шчоках з’явіліся чырвоныя плямы, зрэнкі расшыраны, губы пасмяглі. Лужанін. У .. [Хамовіча] пасмаглі вусны, перасохла ў горле. Мурашка. // Пасохнуць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Усё на полі, на агародах пасмягла. Грамовіч.

пасмяле́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў смелым, смялейшым. Домна праз часіну Унучку пасмялелую вяла. Пысін.

пасмяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць смелым, смялейшым. — А гэта хто? — пасмялеў стары, з голасу пазнаўшы вясковага чалавека. Чорны. Ціток пасмялеў: значыцца, ніхто нічога не ведае і на яго ніхто зусім і не думае. Лобан. Убачыўшы, што матацыклістаў толькі двое і за імі больш нікога не відаць, хлопцы пасмялелі. Якімовіч.

пасмяро́тна, прысл.

Пасля смерці. Узнагарадзіць пасмяротна. Прысвоіць пасмяротна званне Героя Савецкага Саюза.

пасмяро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да перыяду пасля смерці каго‑н., які ўзнікае пасля смерці каго‑н. Пасмяротная слава. // Апублікаваны, арганізаваны пасля смерці аўтара. Пасмяротнае выданне твораў пісьменніка.

пасмяшы́ць, ‑смяшу, ‑смешыш, ‑смешыць; зак., каго.

Смяшыць некаторы час. Праўда, была яшчэ ў .. [Ёселя] і здольнасць пасмяшыць, павесяліць гасцей. Колас.

пасмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; зак.

1. Смяяцца некаторы час. Крыху пасядзеўшы, пагаманіўшы, пасмяяўшыся, Базыль звярнуўся да гаспадара, да «валачобнікаў», запрашаючы ўсіх да сябе. Колас. [Антось:] — Рабіць цэлы дзень і не пасмяяцца, не пажартаваць! Чарнышэвіч.

2. з каго-чаго. Выказаць смехам адносіны да каго‑, чаго‑н. Іван Сцяпанавіч і Наталля Аляксееўна пасмяяліся яшчэ з тых успамінаў і з той прыемнай яе дружбы і пайшлі далей. Васілевіч. [Пятрок] жыве з сваёй жонкай Ульянай і па-ранейшаму памагае Алімпе, якая з усяе тае заварухі толькі пасмяялася. Ракітны. // Аднесціся да каго‑, чаго‑н. з насмешкай; пажартаваць з каго‑, чаго‑н. «А што, калі ён з мяне пасмяяўся», — з смуткам падумала .. [Зося] пра пастушка. Чорны. Хлопчык думаў, што Сцёпка непісьменны, пасмяяцца хацеў з яго. Колас.