параску́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Раскусіць усё, многае (гл. раскусіць у 1 знач.).
па́раснік, ‑у, м.
Маладыя парасткі дрэў або іншых раслін. А сёлета шчодрыя жнівеньскія ліўні дружна пагналі ў рост малады параснік. Беразняк. // Малады лес; зараснік. З маладога парасніку неўзаметку ўздымаецца добры лес. Лужанін. З празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Валько .. сказаў, што мы ствараем, у адпаведнасці з Пастановаю ЦК, спецыяльную брыгаду, якая будзе вызваляць землі ад парасніку і паляпшаць сенажаці. Савіцкі.
парасо́ль, ‑я, м.
Спец. Самалёт-манаплан з крылом, устаноўленым над корпусам.
[Фр. parasol, ад лац. paro — адбіваю і sol — сонца.]
парасо́н, ‑а, м.
1. Прыстасаванне для засцярогі ад дажджу і сонца ў выглядзе замацаванага на палцы складнога каркаса, абцягнутага матэрыялам. Сыпаў дождж, і над галовамі людзей раскрываліся чорныя парасоны. Арабей. Каля домікаў стаялі плеценыя крэслы і столікі пад вялікімі каляровымі парасонамі. Шамякін. // Тое, што па форме нагадвае такое прыстасаванне. Спускаліся ў паветры белыя парасоны парашутаў. Лынькоў. Над дзюнамі над соннымі сасонкі — парасонамі. Вялюгін. Сінее ў далечы загон, Рака між вольх пятляе, Нябёс блакітны парасон Вісіць шатром над краем. Матэвушаў.
2. Стрэшка над чым‑н.
3. Спец. Суквецце з некалькіх кветак на кветаножках, якія разыходзяцца прамянямі ад верхавіны сцябла. З першай кветкі На другую, Праляцеўшы трохі, — скок! Парасон яе прыгнула, Запусціла хабаток [пчолка]. Калачынскі.
[Фр. parasol.]
парасо́навыя, ‑ых.
Сямейства раслін, суквецце якіх мае форму парасона.
парасонападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны па форме да парасона. Парасонападобныя елкі.
парасо́нік, ‑а, м.
1. Памянш. да парасон (у 1, 2 знач.).
2. Тое, што і парасон (у 3 знач.).
парасо́ністы, ‑ая, ‑ае.
Які нагадвае сваім выглядам парасон; парасонападобны. Парасоністая пальма.
параспако́ўваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад параспакоўваць.
параспако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Распакаваць усё, многае.