Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пану́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да панурыць.

пану́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Непрыветлівы, хмурны, суровы (пра чалавека). Характарам Аркадзь быў другі: не маўклівы і пануры, а гаваркі чалавек. Капыловіч. Дзед зрабіўся больш пануры, пазіраў на свет нейкімі непрытомнымі вачыма. Якімовіч. // Які выражае хмурнасць, суровасць. Пануры погляд. □ Твар у.. [Кашына] быў, як і заўсёды, пануры, можа толькі крыху ўзрушаны. Карпаў.

2. перан. Які выклікае сваім выглядам цяжкае пачуццё, змрочны. Неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае. Мележ. Паказаліся вясковыя хаты, панурыя, маўклівыя. М. Ткачоў. // Цяжкі, бязрадасны. Панурыя думкі.

3. З апушчанай галавой, панылы. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Пад скурай у.. [каня] ходарам хадзілі рэбры, галава была панурая. Чорны.

пану́рысты, ‑ая, ‑ае.

Хмурны, непрыветлівы, нелюдзімы (пра чалавека). Хадзіў.. [Андрэй Андрэевіч] грозны, панурысты. Лынькоў.

пану́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Апусціць галаву, паныла схіліцца. Антон быў прыкметна расчараваны сённяшнім паляваннем, панурыўся і ішоў моўчкі амаль усю дарогу. Ляўданскі.

пану́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Паныла схіліць галаву, апусціць вочы ўніз. — Цяжка? — з іроніяй спытала .. [Маша], і.. [Максім] вінавата панурыў галаву. Шамякін. Федзя панурыў вочы і маўчаў. Няхай.

пану́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад панаваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае ўладу, знаходзіцца на чале ўлады. Пануючыя класы.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пераважае; найбольш распаўсюджаны. З борта самалёта лёгка панесці на карту не толькі занятыя лесам плошчы, але і вызначыць пануючыя пароды, узрост і якасць лясоў, горы, балоты, высечкі... Гавеман.

4. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ўзвышаецца над чым‑н. Рота капітана Батурына заняла рубеж якраз насупраць пануючай вышыні. Сіняўскі.

5. Дзеепрысл. незак. ад панаваць (у 1, 4 знач.).

панца́к, ‑у, м.

Абл.

1. Круглыя ячныя крупы. У печы з панцаку варыцца калядная куцця. Васілевіч.

2. Суп з такіх круп. [Бацька] сёрбаў забелены панцак. Дамашэвіч.

панцёр, ‑а, м.

У картачных гульнях — той, хто панціруе. Панцёры па чарзе называлі стаўкі.

панці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

У картачнай гульні — рабіць стаўку супраць банка.

[Ад фр. ponter.]

па́нцыр, ‑а, м.

1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.

2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.

3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.

4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.

[Ням. Panzer.]