пазва́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пазваць.
пазваро́чваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пазварочваць.
пазваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.) без дап. Змяніць напрамак свайго руху — пра ўсіх, многіх. Прахожыя пазварочвалі з дарогі.
2. Накіраваць з якога‑н. напрамку ў іншы бок усё, многае або ўсіх, многіх. Пазварочваць машыны на прасёлачную дарогу.
3. Разм. Зрушыць з месца, скінуць усё, многае. Пазварочваць мяшкі з воза.
4. Разм. Звярнуць, збіць на бок усё, многае. Пазварочваць слупы каля дарогі.
5. Разм. Скідаць, зваліць разам усё, многае. Пазварочваць дровы ў кучу.
пазва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце; зак., каго.
Словамі, жэстамі папрасіць, прымусіць падысці, адазвацца; паклікаць. — Пазаві сюды хлопцаў! — сказаў Нічыпар свайму напарніку. Кулакоўскі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас. // і без дап. Звярнуць на сябе чыю‑н. увагу. — Панічыку! — пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка. Мусіць вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі? Колас. // перан. Заклікаць да чаго‑н. Ды, на шчасце, быў я аднагодак Тых, каго пазваў пярэдні край. Гілевіч. // Запрасіць куды‑н. Пазваць у кіно. Пазваць на вячэру.
пазве́швацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Звесіцца, нахіліцца, апусціцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дзеці пазвешваліся з печы. □ Каржакаватыя сосны пазвешваліся над.. [заводам]. Пестрак.
пазве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Звесіць, нахіліць, апусціць усё, многае. Пазвешваць галовы. □ [Бярозы] пазвешвалі над дарогай рэдкія сіваватыя косы. Б. Стральцоў.
пазвіва́цца, ‑аецца; зак.
Звіцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Галіны дрэў пазвіваліся. Змеі пазвіваліся.
пазвіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Скручваючы, звіць усё, многае. Пазвіваць вяроўкі.
2. Зматаць усё, многае. Пазвіваць ніткі ў клубок. Пазвіваць пражу з матавіла.
3. Звіць, зляпіць (пра гнёзды). У каморы і цяпер стаялі вялізныя .. бочкі. Між імі павукі пазвівалі сабе гнёзды. Сачанка.
пазвіса́ць, ‑ае; зак.
Апусціцца, звіснуць уніз — пра ўсё, многае. Рукі пазвісалі. □ Над усімі платамі пазвісала зелень дрэў. Ермаловіч.