падступі́цца, ‑ступлю́ся, ‑сту́пішся, ‑сту́піцца; зак.
1. Падысці вельмі блізка, наблізіцца. — Берагі топкія, ніхто падступіцца з вудамі і сеткамі не можа. Савіцкі. Цяпер балота замерзла і падступіцца да [разбітага] самалёта лёгка. Жычка.
2. Звярнуцца з просьбай, прапановай і пад. Не падступіцца да начальства з просьбай. □ Дзяўчатам хацелася загаварыць з лётчыцамі, але дзе ты да іх падступішся. Няхай.
падступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. Падысці, наблізіцца. Грушка падступіў бліжэй да Веры Ігнатаўны, доўга глядзеў ёй у вочы. Пестрак. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька.. ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.
2. Апынуцца ў непасрэднай блізкасці, падысці да чаго‑н. (пра лес, мора і пад.). Агні прыстанцыйных будынкаў падступілі да самай чыгункі. Савіцкі. Наша маленькая рачулачка, якую і завуць Раўчуком, разлілася аж да лесу, падступіла пад самыя агароды. Жычка.
3. перан. Нечакана з’явіцца, раптам ахапіць (пра адчуванні, пачуцці). Салёны клубок падступіў да горла, прыпыніў дыханне, вочы заслаліся туманам. Васілевіч. І ўсё ж раптам туга падступіла. Стала сэрцу балюча і горка. Танк.
•••
Ком падступіў да горла гл. ком.
Слёзы падступілі да горла гл. сляза.
падстэ́п, ‑у, м.
Пераходная паласа ад гарыстай або лясістай мясцовасці да стэпавай.
падстэ́павы, ‑ая, ‑ае.
Размешчаны ў зоне стэпу. Падстэпавая паласа.
падсу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Няправільна судзіць на спаборніцтве ў чыю‑н. карысць.
падсу́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан падсуднага.
падсу́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які падлягае суду, павінен разглядацца ў судзе. Падсудная справа.
2. у знач. наз. падсу́дны, ‑ага, м.; падсу́дная, ‑ай, ж. Той (тая), хто абвінавачваецца ў чым‑н. і знаходзіцца пад судом. У позве было прыпісана папярэджанне, што ў выпадку няяўкі ў паказаны час падсудны будзе арыштаваны і дастаўлены ў суд пад канвоем. Колас.
•••
Сесці (папасці, трапіць) на лаву падсудных гл. сесці.
падсука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑суча; зак., што і чаго.
Насукаць дадаткова, яшчэ трохі. Падсукаць нітак. Падсукаць дратвы.
падсу́квацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падсукваць.
падсу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсукаць.