Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасме́шышча, ‑а, м.

1. Той, з каго (тое, з чаго) смяюцца, кпяць; прадмет насмешак, кпінаў. — Пасмешышча ці дурня з мяне зрабілі, — злосна сказаў .. [Вова] маці. — Разумнікі! Марціновіч. Прыйшлося браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках, і каб не быць пасмешышчам у Ясенях, выбірацца на хутар. Арочка.

2. Здзек, здзекаванне. [Маці:] — Кісні, кісні, ён [Антось] табе нос утрэ і паедзе, а ты на пасмешышча людзям застанешся. Васілевіч.

•••

Выставіць на пасмешышча гл. вымавіць.

пасміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Тое, што і пасмейвацца. Дзед Талаш задаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. Колас. [Вера] пачала па-руску, паспрабавала па-нямецку, а італьянец стаяў і пасміхаўся сваім вялікім ротам з роўнымі белымі зубамі. Мікуліч. Ну а мяне Празвалі ўсе «паэтам» І пасміхаліся, Нібыта з дзівака. Хведаровіч.

пасмі́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Тое, што і пасмейвацца. [Віктар] абапёрся плячамі аб плоцік агарода, лузаў гарбузікі і пасміхваўся. Лобан.

пасміхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да пасміхацца.

пасмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Смактаць патроху або час ад часу. Стары сядзеў на прызбе ў кажусе і пасмоктваў сваю піпку, якой ён ніколі не выпускаў з рота. Колас.

пасмугле́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў смуглым, смуглейшым. Раптам Эдуард паяўляецца ў нас у рэдакцыі, у вайсковым шынялі, падцягнуты, з пасмуглелым тварам, не сказаць, каб вельмі вясёлы. Хадкевіч.

пасмугле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць смуглым, смуглейшым. Твар пасмуглеў ад сонца.

пасмуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Смуткаваць некаторы час. Хацелася, напрыклад, каб Вольга крыху пасмуткавала — і здавалася, што яна смуткуе. Шамякін.

пасмутне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў смутным, смутнейшым. [Яніна] паспакайнела, зрабілася прасцейшай, з крыху пасмутнелым тварам, быццам журыцца яна па нечым. Мурашка.

пасмутне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць смутным, смутнейшым; засмуціцца. Вера крадком азірнула .. [Казіка] і заўважыла, што гэты калісь бадзёры і вясёлы чалавек зараз пасмутнеў. Машара.