пану́джваць, ‑ае; безас. незак.
Час ад часу нудзіць (у 1 знач.). З самага рання штосьці пануджвае.
панудзі́цца, ‑нуджу́ся, ‑ну́дзішся, ‑ну́дзіцца; зак.
Нудзіцца некаторы час. Прысядуць неяк квола на лаўцы чалавек колькі дзяўчат, каб панудзіцца, падзяліцца дзявочай журбой. Скрыган.
пану́дзіць, ‑дзіць; безас. зак.
Нудзіць (у 1 знач.) некаторы час.
панука́нне і пану́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. панукаць, панукваць, а таксама гукі, словы, якія суправаджаюць гэтае дзеянне. Гракі, вароны чарадою За свежай ходзяць баразною. Вясёлы шум і пануканне Чутны да самага змяркання. Колас. Сям-там блісне агеньчык цыгаркі ды прагучыць нуднае панукванне. Хведаровіч.
панука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пану́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго. Прымушаць рабочую жывёлу рухацца хутчэй; нокаць. Чорныя, закураныя цыганы — старыя і маладыя — у клёшных штанах, запыленых хромавых ботах, паважна крочаць узбоч вазоў, панукаюць гладкіх коней. Навуменка. — Но-но, маленькі! — па-гаспадарску клапатліва панукваў.. [Ваня] каня. Паўлаў. // перан.; каго і без дап. Падганяць каго‑н. у рабоце. Хлопцы добрыя, не трэба панукаць. І справу ведаюць... Мыслівец.
2. перан.; кім і без дап. Дэспатычна распараджацца, не лічыцца з кім‑н.; папіхаць. [Касперскі:] Доўга блукаў я па свеце і такі знайшоў шчасце — у калгасе. Цяпер я чалавек! Ніхто мною не панукае. Гурскі.
пану́ра,
1. Прысл. да пануры.
2. безас. у знач. вык. Змрочна, непрыветліва. У маёнтку было ціха, панура і неяк безнадзейна, як у турэмным двары. Чарнышэвіч.
пану́расць, ‑і, ж.
Стан панурага. Вочы.. [селяніна] праясніліся, панурасць і заклапочанасць зніклі з твару. Колас. Надзвычайна ўрачыстымі здаваліся дрэвы ў густым бары, паскідаўшыя снегавыя шапкі і зімовую панурасць. Лынькоў.