Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Пакаціцца куляючыся. Зіна наском туфля падбіла... [камень] і ён, падскокваючы, пакуляўся наперад. Грамовіч.

2. Куляцца некаторы час.

пакуме́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Кумекаць некаторы час; падумаць. Трэба сесці ды пакумекаць.

пакумі́цца, ‑кумлюся, ‑кумішся, ‑куміцца; зак.

Разм. Стаць кумамі.

паку́нак, ‑нка, м.

Прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у адзін пакет. Старшыня ўзяў пакунак кніг, Андрэй — чамаданчык, і яны накіраваліся да вёскі. Дуброўскі. З апошняга магазіна мы выйшлі абвешаныя рознымі пакункамі і скруткамі. Савіцкі.

паку́начак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да пакунак.

пакупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Зак. да купацца.

пакупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да купаць.

пакупе́ц, ‑пца, м.

Разм. Тое, што і пакупнік. Коні тупаюць памалу і як бы прыслухоўваюцца да гутарак гаспадароў з пакупцамі. Бядуля. Здзівіўся дужа дзед, калі пакупец пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас.

паку́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што куплена; купленая рэч. [Верачка] ужо ўяўляла шафу ў сваім пакоі, бачыла суседку Ганну Міронаўну, як тая цмокае губамі каля пакупкі. Каршукоў.

пакупля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Купіць усё, многае або ўсіх, многіх. // Купіць што‑н. — пра ўсіх, многіх. Сябры білеты пакуплялі І на гару пашыбавалі. Колас.