падва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; заг. падваж; зак., што.
Прыпадняць рычагом, падважнікам (у 2 знач.). Падважыць бервяно. □ Натоўп не чакаў, калі адчыняцца цяжкія вароты турмы. У адну хвіліну быў расцягнуты суседні плот, і дзесяткі дручкоў падважылі іх і знялі з крукоў. Лобан.
падвазны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да падвозу. Падвазныя прадукты. Падвазныя шляхі.
падваі́ць, ‑дваю, ‑двоіш, ‑двоіць; зак., што і без дап.
Спец. Узараць другі раз. Падваіць папар.
падваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Разм. Пачысціць абутак ваксай злёгку або дадаткова.
падва́л, ‑а, м.
1. Памяшканне пад першым паверхам будынка ніжэй узроўню зямлі, якое прызначаецца для розных гаспадарчых патрэб. Каля бітай дарогі стаіць вялізны пусты дом, даўно закінутая дача з цагляным падвалам. Колас.
2. Ніжняя частка газетнай старонкі, звычайна аддзеленая рыскай, дзе змяшчаецца асобны артыкул, а таксама артыкул, змешчаны на ніжняй частцы газетнай старонкі. Артыкул быў грунтоўны і вялікі — на цэлы падвал. Шахавец.
падвалака́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да падвалакаць.
падвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падвалачы.
падвалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лача; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. падвалок, ‑лакла, ‑лакло; заг. падвалачы; зак., каго-што.
Разм. Падцягнуць волакам. Падвалачы мех з бульбай. □ Падзякавалі мы начальніку, пайшлі, падвалаклі пару доўгіх дошак, каб было што пакласці на жалеза. Дубоўка.
падвалі́на, ‑ы, ж.
1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.
2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.
падвалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
Разм. Сесці, легчы вельмі блізка, шчыльна; падсунуцца. Падваліцца да суседа. □ Да .. [Сцяпана] падвалілася і смяртэльна торгалася нечая гарачая спіна. Быкаў.