падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паддопытны. Падследны насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Шамякін. Абое падследных былі затрыманы непасрэдна на месцы замаху і зробленага не адмаўляюць. Мехаў.
падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад следствам, паддопытны. Падследныя хуліганы. / у знач. наз. падсле́дны, ‑ага, м.; падсле́дная, ‑ай, ж. Напрактыкаваныя дэфензіўшчыкі адразу адчулі, што падследны страціў прытомнасць. Машара. А госць, што ўцёк, ты кажаш, Дык той — ні даць ні ўзяць — А быў упаўнаважан З мяне дазнанне зняць. Ну, ясна ж, ён з падследным За стол не мог сядаць. Зуёнак.
падслепава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які дрэнна бачыць, вельмі блізарукі. Хасан падносіў папяросу да падслепаватых вачэй, спачатку чамусьці нюхаў яе і толькі пасля ўжо прыкурваў. Даніленка. Іваніха выпрамілася, уважліва агледзела чалавека — яго няголены падслепаваты твар, худыя брудныя рукі. Лось.
2. перан. Які мала прапускае або дае святла. Невялікія падслепаватыя вокны скупа прапускалі святло, хоць на дварэ ва ўсю свяціла веснавое сонца. Колас. Побач тулілася зямлянка з адным падслепаватым акном. Асіпенка. У хаце блішчаў падслепаваты агеньчык. Гроднеў.
падслі́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Разм. Паслініць трохі або дадаткова. [Адам], сагнуўшыся над зверчанай цыгаркай падслініць беражок, каб заляпіць яе, кінуў: — Было [каханне]!.. Нікановіч.
падслу́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да падслужыцца.
падслужы́цца, ‑служуся, ‑служышся, ‑служыцца; зак.
Разм. Ліслівай паслужлівасцю дабіцца чыёй‑н. прыхільнасці. Толькі той-сёй з самых адпетых падлізнікаў, хочучы падслужыцца да начальства, станавіўся навыцяжку, як салдат, пасярод камеры. Колас.
падслу́ханы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падслухаць.
падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.
падслу́хванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падслухваць.
падслу́хвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падслухваць.
падслу́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падслухаць.