Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падса́нкі, ‑нак; адз. няма.

Спец. Кароткія санкі, што прывязваюцца ззаду да вялікіх саней пры перавозцы доўгіх прадметаў (бярвення, дошак і пад.); каркі.

падсачы́ць 1, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., каго-што.

Тайком высочваючы, убачыць, заспець. Яўхіму выпала яшчэ раз спаткацца з Хадоськай. Падсачыла за агародамі, выткнулася тварам у твар. Мележ.

падсачы́ць 2, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., што.

Спец. Зрабіць надрэз (на дрэве) для атрымання соку, смалы.

падсве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсвяціць.

2. Дадатковае святло ад чаго‑н. Такія ночы, не светлыя і не цёмныя, з серабрыстым падсветам месяца-поўні, ірдзеннем зорнага неба, бываюць на стыку лета і восені. Навуменка.

падсве́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсвяціць.

2. Дадатковае асвятленне. Апараты павялічылі рэзкасць, выбралі адпаведную падсветку, і цені ператварыліся ў незвычайных... рыб. Шыцік.

падсве́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсвечваць — падсвяціць.

падсве́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падсвечваць.

падсве́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падсвяціць.

падсве́чнік, ‑а, м.

Падстаўка для свечкі ці свечак. Пасярэдзіне [століка] гарэла свечка, празрысты стэарын сцякаў на медны танканогі падсвечнік. Асіпенка.

падсві́нак, ‑нка і (радзей) падсвіна́к, ‑а, м.

Парася ва ўзросце ад 4 да 10 месяцаў. Жанчына несла зелле свінні і падсвінку, якія рохкалі і вішчалі. Мележ. У Вінцука была немалая гаспадарка: дзве каровы, бык і цялушка, цэлая чарада свіней, падсвінкаў і авечак. Якімовіч. Два падсвінакі .. хваталі з карыта цеста. Чорны.

падсві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да падсвістваць.