Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́ліца, ‑ы, ж.

Цяжкая дубіна з патоўшчаным канцом, якая ў старажытныя часы служыла зброяй.

палі́ца, ‑ы, ж.

1. Дошка або некалькі дошак, прымацаваных да сцяны або ўнутры шафы для размяшчэння кніг, пасуды і пад. Над сталом у акуратнай, зашклёнай раме вісеў вялікі партрэт Шота Руставелі, на паліцы ляжалі стопкі кніг, па выгляду многа ўжо чытаных. Самуйлёнак. На паліцах крамы — шапкі, кірзавыя боты, скрынкі цукерак, пернікаў. Ракітны. // Разм. Верхняя лаўка для ляжання або для багажу ў чыгуначным вагоне. Дзяцей набілася поўнае купэ. А некалькі хлапчукоў умудрыліся залезці нават на багажныя паліцы. Хомчанка. У самым канцы.. [Балашоў] знайшоў незанятую верхнюю паліцу, ускінуў на яе маленькі фанерны чамаданчык і пачаў умошчвацца на начлег. Грахоўскі.

2. Спец. Частка плуга, якая аддзяляе і пераварочвае падрэзаны лемяшом пласт зямлі; адвал. // Прыстасаванне ў некаторых сельскагаспадарчых машынах.

•••

Класці зубы на паліцу гл. класці.

паліца́й, ‑я, м.

Разм. У час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах — паліцэйскі, завербаваны з ліку мясцовага насельніцтва. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. У Дулебах, дзе жыла цётка Тэкля, былі ўжо партызаны, і немцы з паліцаямі туды і не патыкаліся. Ермаловіч.

паліцма́йстар, ‑тра, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі і некаторых капіталістычных краінах — начальнік паліцыі ў буйных гарадах. Пісар сцвярджае, што такога старшыні ва ўсім Пінскім павеце няма, а памочнік не раз гаварыў: «Нашаму б старшыні паліцмайстрам быць». Колас.

[Ням. Polizeimeister.]

палі́цца 1, паліцца; незак.

1. Мець у сабе раскладзены агонь (пра печ, пліту і пад.). Паліліся печы, і роўныя слупы дыму ўздымалася ў неба. Шчарбатаў. У доме.. горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Шамякін. / у безас. ужыв. Было ўжо зусім холадна, і раніцою і вечарам палілася ў печы. Парахневіч.

2. Зал. да паліць ​1 (у 1–3 знач.).

палі́цца 2, ‑льюся, ‑льешся, ‑льецца; ‑льёмся, ‑льяцеся і ‑ліюся, ‑ліешся, ‑ліецца; ‑ліёмся, ‑ліяцеся; пр. паліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. паліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ліцца (у 1–3 знач.). На дварэ закіпеў лівень, і звонка са страхі палілася вада, разбіваючыся на пырскі. Адамчык. Раптам палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны. І пальецца ў цішы Песня — водгук душы, Песня радасці... смутку... і болю... Трус.

2. Паліць, абліць сябе; абліцца. Паліцца з вядра.

палі́цыя, ‑і, ж.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі і капіталістычных краінах, а таксама ў час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах — сістэма асобых органаў дзяржаўнага апарату для аховы існуючага ладу і ўстаноўленых парадкаў. Палітычная паліцыя. Крымінальная паліцыя. □ Муж [Эміліі] два гады назад быў забіты паліцыяй на першамайскай дэманстрацыя. Маўр.

2. зб. Паліцэйскія. Паліцыя акружыла дом Бычкоўскіх. На двор нікога не пускалі. «Маладосць». — Паліцыя! — крыкнуў нехта. Чалавек дваццаць паліцыянтаў білі без разбору — па людзях, па конях. Пестрак.

3. Разм. Памяшканне, дзе знаходзяцца паліцэйскія органы; паліцэйскі ўчастак.

[Ням. Polizei ад грэч. politeia — кіраванне дзяржавай.]

паліцыя́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Разм. Асоба, якая служыць у паліцыі; паліцэйскі. На вобыск да Тамаша выправілі аж трох паліцыянтаў. Бядуля. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

палі́ць 1, палю, паліш, паліць; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём, спальваць. Гарадок, што быў райцэнтрам, гарэў у сорак першым годзе, палілі яго немцы і пры адступленне. Шахавец. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Адамчык. // Вымушаць гарэць, загарацца (часцей з мэтай асвятлення або ацяплення). Адзін паліў запалкі, другі растапырыў на сабе шынель, каб і не тухла і каб заўважыць агонь нельга было чужому воку. Чорны. Слухае Міколка... Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе... Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгуначныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Лынькоў. // Разм. Запальваць cвятло. У хаце яшчэ не палілі агню. Быў вечар-шчэдрык. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана. Баранавых. Карызна доўга не паліў святла. Ён сядзеў цішком, стуліўшыся па канапе. Зарэцкі. // Разм. Курыць папяросы, люльку і пад. У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

2. у чым, што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад. Гаспадыні паляць у печы — гатуюць снеданне мужчынам, што збіраюцца ў лес. Мяжэвіч. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ. // Абаграваць, награваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад. У бібліятэцы, відаць, яшчэ не палілі, і Наташа амаль не валодала пасінелымі ад холаду рукамі. Ракітны. Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанчыны мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах. Асіпенка.

3. што. Разм. Апрацоўваць агнём, жарам; абпальваць. Абрам па-старому цэглу паліць, толькі ўжо на добра абсталяваным заводзе арцелі. Лынькоў.

4. каго-што і без дап. Моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць (пра сонца, полымя і пад.). Полымя [топкі] паліць твар, горача. Барашка. Сонца па-ранейшаму паліць нясцерпна. Рэдка ў пачатку лета бываюць такія гарачыя дні. Навуменка. // перан. Выклікаць адчуванне апёку; апякаць. Холад роснай дарогі Паліць босыя ногі. Жычка. [Дзеці] ўпокат ляжалі на палку. І не было каму падаць ім нават вады. Смага паліла іх маленькія грудзі. Краўчанка. / у безас. ужыв. Гарэлі шчокі, у грудзях паліла нібы агнём. Хомчанка.

5. Разм. Страляць (звычайна часта або залпамі). Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна паляць па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася ўсё бліжэй да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Казлоў. Тах! — коратка бухае карабін. Скурай на плячах і патыліцай адчуваю, што паляць па мне. Карпюк.

6. перан.; каго-што. Хваляваць, трывожыць, мучыць. Жаль і смутак чорны Паляць мне душу. Бядуля. Мяне, як агнём, паліла страшнае пачуццё, якому назвы я не знаходжу цяпер. Чорны. Гора, цяжкае, нясцерпнае гора паліла ў той час сэрца Івана Кабушкіна. Новікаў.

палі́ць 2, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. паліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. палі; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым каго‑, што‑н.; намачыць. Паліць вуліцу вадою. □ Надзежда Іванаўна паліла мне на рукі з конаўкі і падала новенькі ручнік, якім, напэўна, ніхто яшчэ не выціраўся. Шамякін. // Увільгатніць, арасіць глебу для лепшага росту чаго‑н. Паліць грады. Паліць кветкі. □ Пакуль [Лена] прыбрала ў клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны.. — звечарэла. Ваданосаў. [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба [участкі] прапалоць, дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

2. Пачаць ліць (у 2 знач.). Да поўначы разам з другімі.. [маці] хадзіла па бары, па кустах ля ракі, пакуль не паліў буйны дождж. Якімовіч. Ударыў пярун, дождж паліў як з вядра. Ляпёшкін.

3. што. Спец. Пакрыць палівай.

паліцэ́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паліцыі, належыць паліцыі; які ажыццяўляецца паліцыяй. Паліцэйскі ўчастак. Паліцэйскі нагляд. □ Следам Сілцы наведалі паліцэйскія стражнікі. Пачаліся арышты, расправы, экзекуцыі. Гартны. Недалёка ад маста стаяла паліцэйская машына. Зуб.

2. у знач. наз. паліцэ́йскі, ‑ага, м. Чалавек, які служыць у паліцыі, ніжні чын паліцыі. Над нашымі галовамі ціўкалі кулі, чуваць былі крыкі паліцэйскіх. Анісаў.

3. Які апіраецца на паліцыю, ажыццяўляе ўладу з дапамогай паліцыі. Паліцэйская дзяржава.

палі́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад палічыць.

палі́чка, ‑і, ДМ ‑лічцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да паліца.