Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазбы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазбыць.

пазбы́цца, ‑збудуся, ‑збудзешся, ‑збудзецца; зак., каго-чаго і ад каго-чаго.

1. Збавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбыцца клопатаў. Пазбыцца памылак. □ Кожнаму хацелася пачуць больш дакладна: як будзе з зямлёю для сялян? Калі пазбудземся асаднікаў? Пестрак. Гэты жудасны малюнак стаіць у мяне перад вачыма, і я не магу ад яго пазбыцца. Жычка. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Колас. // Пазбегнуць чаго‑н. Пазбыцца хочаш ты бяды і хочаш праўду бачыць вокам? Дубоўка.

2. Разм. Страціць што‑н. Пазбыцца спакою. □ Як старым-старым стаў Янка, Як пазбыўся сілы ўдалай, — Баяў байкі-казкі ўнукам. Купала.

пазбы́ць, ‑збуду, ‑збудзеш, ‑збудзе; зак., каго-што.

Збавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н.; зжыць што‑н. Цяпер дзед Талаш — вольны казак. Ён пазбыў свой цяжкі клопат. Колас.

пазбяга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пазбягаць ​1.

пазбяга́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Збегчыся — пра ўсіх, многіх. На такую ўрачыстасць, як пілаванне ўсім сялом старое таполі, пазбягаліся дзеці. Лужанін. На дапамогу ўрадніку пазбягаліся панскія стражнікі. Якімовіч.

пазбяга́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-чаго і з інф.

1. Унікаць каго‑, чаго‑н., ухіляцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбягаць знаёмых. □ Мы пазбягалі дарог, ішлі па компасе проста на поўнач. Няхай. // Старацца яе рабіць чаго‑н. Аляксей еў хутка і моўчкі, не падымаючы ад талеркі вачэй: размоў з дырэктарам ён пазбягаў. Шамякін. Нікадзім Пятровіч стаў часта бываць сярод людзей, чаго раней ўсяляк пазбягаў. Кулакоўскі.

2. Пазбаўляцца, вызваляцца ад чаго‑н. Пазбягаць пакарання.

пазбяга́ць 2, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Збегчы, спусціцца ўніз — пра ўсіх, многіх. Хлапчукі пазбягалі з лесвіцы.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Сцяны — пра ўсё, многае. Пазбягала з палеткаў вада каламутная. Мурашка. // перан. Знікнуць, прапасці — пра ўсё, многае. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Колас.

3. Збегчы, уцячы — пра ўсіх, многіх. Каралінцы, ратуючыся ад навалы, пазбягалі ў лес. Сабаленка.

пазвалака́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазвалакаць.

пазвалака́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм.

1. Звалачыся, сысці куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазвалакалася з двара жывёла. □ [Ганна:] — Дзе мае хлопцы? Пазвалакаліся мае хлопцы. Двое з бальшавікамі пайшлі. Лобан.

2. Сысціся, сабрацца ў адно месца — пра ўсіх, многіх.

пазвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Звалачы, зняць адкуль‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Настаўнік:] — Падпільноўваць трэба, а то пазвалакаюць [гарбузы] уночы са страхі. Чорны. Валуны пазвалакалі з поля трактарамі. Місько.

2. Сцягваючы, сабраць у адно месца ўсё, многае. Пазвалакаць галлё ў кучу.

пазвала́кваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазвалакваць.