наплю́хвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да наплюхваць.
наплю́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наплюхаць.
наплява́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Нядбайны, нядобрасумленны, халатны. Наплявацельскія адносіны да справы.
наплява́цца, ‑плююся, ‑плюешся, ‑плюецца; ‑плюёмся, ‑плюяцеся; зак.
Разм. Многа напляваць.
наплява́ць, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.
1. Плюнуць некалькі разоў куды‑н., на што‑н. Напляваць на падлогу.
2. чаго. Выкінуць з рота пляўкамі нейкую колькасць чаго‑н. Напляваць шкарлупін.
3. перан. Разм. Аднесціся нядбайна, раўнадушна або з пагардай да каго‑, чаго‑н. Напляваць на справу. Напляваць на работу. □ [Люба:] — Я трымала на руках дзіця і сказала старому, што гэта яго ўнук. Паверыў ён ці не паверыў, але прагнаў мяне. .. Больш я там ужо не была. Наплявала. Чорны.
4. толькі ў форме інф. напляваць у знач. вык., каму. Разм. Выказванне поўнай абыякавасці або пагарды. [Генадзь:] — Будыка не баіцца, што пра яго скажуць. Я так бачу: напляваць яму на вашу камісію. Шамякін. [Расказчык:] — Галосяць яны цяпер, небаракі, так, што, здаецца, каменнае сэрца не вытрымае. А пану і суддзям напляваць на чужое гора. Якімовіч.
•••
Напляваць у душу — вельмі абразіць, насмяяцца, пакрыўдзіць.
напляву́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Уволю паплявузгаць.
напляву́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. чаго. Нагаварыць лухты, глупства. [Андрэй Гаўрылавіч:] — Вы тут, кажу, гэтулькі брыдкага наплявузгалі... Пра адміранне сям’і... пра распад сям’і. Грамовіч.
2. Напляткарыць, нагаварыць на каго‑н. — [Пачоску і Здроку] наплявузгаць на чалавека, абылгаць яго — раз плюнуць. Сабаленка.
напля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., чаго.
Разм. Ссячы, насячы ў вялікай колькасці, без разбору. Напляжыць лесу.
напля́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
Разм. Нарабіць плям, напэцкаць. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам Тут наслядзіць або напляміць. Колас.
напля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Надаваць плескачоў, набіць. Напляскаць па твары.
напляска́ць, ‑пляшчу́, ‑пле́шчаш, ‑пле́шча; зак., чаго.
Разм. Сплюшчыць, спляскаць нейкую колькасць чаго‑н.