Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падру́чнік 1, ‑а, м.

Кніга, па якой вывучаюць які‑н. прадмет. [Ігнат] прыходзіў зрэдку да .. [знаёмых] у хату папрасіць якога-небудзь падручніка. Пасля работы ён наведваў вячэрнюю сярэднюю школу. Лынькоў. Знайшоўшы ў сына гаспадыні падручнік па геаграфіі,.. [Саша] раскрыла карту, паглядзела на Кольскі паўвостраў і жахнулася яшчэ больш. Шамякін.

падру́чнік 2, ‑а, м.

Спец. Падстаўка, апора для інструмента на такарным станку.

падру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад рукамі, заўсёды ёсць. Уздоўж сцен — два ложкі, зробленыя з падручнага матэрыялу. Крапіва.

2. Які выконвае падсобную работу. Падручныя рабочыя. / у знач. наз. падру́чны, ‑ага, м. Салдату далі двух падручных капаць ямы, ён жа садзіў шчэпы. Чорны.

падручы́цца, ‑ручуся, ‑ручышся, ‑ручыцца; зак., з інф.

Даць згоду зрабіць што‑н., узяцца за якую‑н. работу для каго‑н. Каля крайняга дома на сцяжынцы [Каця] убачыла санітарку, спытала, дзе знайсці лётчыка, якога два дні назад палажылі на лячэнне. Санітарка падручылася паказаць. Алешка. Важныя звесткі былі атрыманы.. ад аднаго слесара, які падручыўся рамантаваць сапёрам матацыклы. Шахавец.

падрыва́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрываць ​1 — падарваць і падрывацца ​1 — падарвацца.

падрыва́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрываць ​2 — падрыць.

падрыва́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падарвацца.

2. Зал. да падрываць ​1.

падрыва́цца 2, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падрыцца.

2. Зал. да падрываць ​2.

падрыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падарваць.

падрыва́ць 2, ‑ае.

Незак. да падрыць.

падры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Дрыгаць некаторы час. Падрыгаць нагамі.

падры́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрыгваць.

падры́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Дрыжаць злёгку, час ад часу. Рукі, трымаючы ў прыгаршчах запалку, падрыгвалі. Пестрак. Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча. Быкаў. // Злёгку трэсціся, падскакваць. Машына лёгка падрыгвае на свежанамошчаным бруку. Лужанін. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Мележ.

2. чым. Дрыгаць злёгку, час ад часу. Заклаўшы назад рукі,.. [Кашын] важна паглядаў наўкол і падрыгваў нагой. Карпаў.

падрыжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Разм. Дрыжаць некаторы час.