падра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
1. Парваць, разарваць на часткі. Спакойна і ўпэўнена.. я выцягнула бюлетэнь з сумачкі, падрала яго на дробныя кавалкі. Савіцкі. [Валя:] — А дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.
2. Знасіць, неахайна або доўга носячы што‑н. Падраць абутак. Падраць за лета рубашку.
3. Разрываючы, забіць усіх, многіх (пра драпежных птушак і звяроў). Каршун падраў усіх курэй.
4. і чаго. Перацерці на тарцы нейкую колькасць чаго‑н. Падраць крыху бульбы на бліны.
падро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрабіць — падрабляць.
2. Тое, што падроблена; падробленая рэч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе як на маладое дзівацтва. Скрыган. Адсутнасць арыгінала і іншыя акалічнасці паводзілі некаторых пісьменнікаў і вучоных на думку, што твор гэты [«Слова аб палку Ігаравым»] — падробка. «ЛіМ».
падро́блены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад падрабіць 1.
2. у знач. прым. Які з’яўляецца падробкай (у 2 знач.); несапраўдны, фальшывы. Падробленыя дакументы. □ Падробленай шчырасцю гаспадыня вымагае тое, чаго не дасягнула падманам і хлуснёй. Савіцкі.
падро́бліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падробліваць — падрабіць 1.
падро́блівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падрабіцца.
2. Зал. да падробліваць.
падро́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падрабіць 1.
падро́бнік, ‑а, м.
Той, хто займаецца падробкай чаго‑н. Падробнік ключоў.
падро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Спец. Зараснік маладых дрэў; маладняк. За разлогаю пакінутага пры высечцы падросту адкрылася роўненькая чарга стромых сосенак. Карамазаў.
•••
На падрост (пашыць, купіць) — з запасам на рост. Ігнась прымераў свае новыя боты: велікаватыя, на падрост пашытыя... Чарнышэвіч.
падру́ба, ‑ы, ж.
Ніжняе бервяно ў зрубе. Сваёй старэнькай хаты я не пазнаў. Новая падруба выпрастала яе, прыўзняла над зямлёй. Асіпенка. Ідучы назад у хату, змеціў [Сузон], што ў клеці згніла падруба і яна ўся пахілілася на бок. Галавач.
падрубі́ць 1, ‑рублю, ‑рубіш, ‑рубіць; зак., што.
Падагнуўшы край чаго‑н., падшыць. Падрубіць хусцінку. Падрубіць сукенку.
падрубі́ць 2, ‑рублю, ‑рубіш, ‑рубіць; зак., што.
Дабавіць вянок або некалькі вянкоў у зруб. Каб лесу [цётка] дастала — можна падрубіць [хату].. Вянок які дабавіць. Мыслівец.