паўро́та, ‑ы, ж.
Палавіна роты як вайсковая адзінка, якая складаецца звычайна з двух узводаў.
паўро́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паўроты. Паўротны камандзір. // у знач. наз. паўро́тны, ‑ага, м. Камандзір паўроты.
паўро́чны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца адпаведна колькасці ўрокаў, на кожны ўрок, за кожны ўрок. Паўрочныя планы. Паўрочная аплата.
паўрубе́ль, ‑бля, м.
Манета вартасцю ў пяцьдзесят капеек. Калі на стале зазвінелі грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Колас. — Вось што, хлопцы, — сказаў Алесь. — Пакіньце вы гэты паўрубель на снеданне. Караткевіч.
паўрублёвы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вартасцю ў паўрубля. Паўрублёвая манета.
паўрублёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.
Разм. Манета вартасцю ў паўрубля. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, як гэта ў пэўныя часы рабіла мая маці, то павесялеў бы чалавек ад такога ужывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі.
паўрубля́, м.
Тое, што і паўрубель. І раз чалавек ужо заявіўся з вёскі ў горад,.. — абыдзе сталоўкі, магазіны, а потым, пад канец дня, яшчэ і на станцыю адлучыцца, асабліва калі на падводзе: можна па дарозе за якога паўрубля падвезці каго. Чыгрынаў.
паўсагну́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі, не зусім сагнуты. Рукі ў .. [цёткі] былі агрубелыя, з паўсагнутымі калянымі пальцамі. Хадкевіч.
паўса́льны, ‑ая, ‑ае.
Напалавіну сальны, не мясны і не сальны (пра пароду свіней).
паўсамату́жны, ‑ая, ‑ае.
Амаль саматужны, не зусім саматужны.