Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паясне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паясняць — паясніць.

2. Заўвага, тлумачэнне, якое робіць што‑н. больш зразумелым. Ніякага рэальнага зместу не ўкладаў Пракоп у гэтае слова. Ён моўчкі глядзеў на Міколу, баючыся паказацца невукам і чакаючы паяснення. Колас.

паясне́ць, ‑ее; зак.

Стаць ясным, яснейшым. Нарэшце на ўсходзе за гарамі паявілася нешта затоена-светлае, паяснеў гарызонт, горы ў сіняй смузе яшчэ больш пачарнелі. Хомчанка. / у безас. ужыв. Пакуль узыйдзе месяц, яшчэ цёмна з вечара. А калі паяснее — там будзе ўжо лес, не гэтакая голая мясцовасць. Чорны. У галаве Каваля паяснела. Яму раптам блізка да сэрца прыйшоўся гэты худы хлапчук. Савіцкі.

паясні́ца, ‑ы, ж.

1. Частка спіны крыху ніжэй пояса, таліі. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Ныла паясніца, спіна. Навуменка.

2. Паласа тканіны, якая прышываецца да верхняй часткі спадніцы, штаноў. Збянтэжаны Міхалка тузануў угару за паясніцу штаны і павярнуўся .. выйсці. Чорны. Рыгор таксама намачаўся [мачанкі]. Добра такі намачаўся, аж паясніца ўелася ў жывот. Крапіва.

паясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і без дап.

Зрабіць больш ясным, зразумелым; растлумачыць. Паясніць думку. □ — А гэта, — паясніў Міколка, — мусіць, падпіўшыя хлопцы «гуляюць». Чорны.

паясні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паясніцы.

паясны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да пояса (у 1 знач.). Паясныя зашпількі. // Які служыць поясам. Паясны рэмень. // Які носіцца на поясе, прымацоўваецца да пояса. Паясны нож.

2. Выкананы да пояса, да таліі. Паясны партрэт.

3. Спец. Які мае адносіны да пояса (у 5–7 знач.); які вылічваецца, робіцца па паясах. Паясны час. Паясныя цэны. Паясны тарыф.

паясня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які паясняе што‑н., з’яўляецца паясненнем. Паясняльнае слова. Паясняльны тэкст.

паясня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да паясніць.

паясо́к, ‑ска, м.

Памянш. да пояс (у 1, 3 знач.). — Што ж, давайце падумаем, — сказала .. [Маня], папраўляючы паясок на светлай шаўковай сукенцы. Якімовіч.

пая́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Яўкаць некаторы час.