пахаладне́ць, ‑ее; зак.
Стаць халодным, халаднейшым. Падзьмуў халодны вецер; у Сырніцы стала свежа, здалося, што і пад нагамі пахаладнела вада. Пташнікаў. // безас. Зрабіцца халадней. [Сіўцоў:] — Глядзі ты, неба ў хмарах, пахаладнела, як бы снег не пайшоў... Краўчанка.
пахандры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Хандрыць некаторы час.
пахапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Узяць, схапіць усё, многае або ўсіх, многіх. [Дзяцел:] — Там ужо, мусіць, пабралі ўсё. Лепшыя кавалкі [зямлі] пахапалі. Мележ. [Міця] ужо чуў пра тых, расстраляных. Іх пахапалі з розных вёсак. Навуменка.
пахарашэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць прыгожым, прыгажэйшым. [Аленка] заметна падрасла і яшчэ пахарашэла, хоць і без таго была прыгожанькая дзяўчынка. Колас. [Зыбін:] — Горад за гэтыя два гады, што я не быў дома, яшчэ разросся, пахарашэў. Мележ.
пахарчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; зак.
Харчавацца некаторы час. Аднойчы на свінаферму прыходзіць дзік пахарчавацца, значыць, каля прыручаных сваякоў. Радкевіч.
пахарчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што.
Харчаваць некаторы час.
пахвала́, ‑ы, ж.
Добры водзыў, адабрэнне. — Вы добра чыталі, — пачуў Заранік дзявочы голас. — Дзякую за пахвалу. Чытаў, як мог. Хадкевіч. Цішка пачырванеў ад бацькавай пахвалы. Пальчэўскі.
пахвалі́цца, ‑хвалюся, ‑хвалішся, ‑хваліцца.
Зак. да хваліцца.
пахвалі́ць, ‑хвалю, ‑хваліш, ‑хваліць.
Зак. да хваліць.
пахвальба́, ‑ы, ж.
Разм.
1. Выхваленне сваімі справамі, учынкамі і пад.; самахвальства. Сцяпану хацелася расказаць дзяўчыне, што вось ён толькі што ўратаваў ад смерці дзіця.. Але ён баяўся, каб гэта не прагучэла пахвальбой, і змаўчаў. Шамякін.
2. Тое, што і пахвала. [Коля] мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, .. вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад і выслухаць пахвальбу і падзяку камандзіра. Чорны.