панавіва́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад панавіваць.
панавіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Навіць вялікую колькасць чаго‑н. Панавіваць вяровак.
панавіса́ць, ‑ае; зак.
Навіснуць — пра ўсё, многае. Панавісалі галіны да самага долу.
панаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Навесці, прывесці ў вялікай колькасці. Панаводзіць дзяцей у хату.
2. Накіраваць у бок каго‑н. многа чаго‑н. [Паліцыянты] падумалі, што хлопец збіраецца даць дзёру, і панаводзілі на яго пісталеты. Сабаленка.
панаво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-чаго.
Навезці, прывезці ў вялікай колькасці. І закруцілася машына. Адкуль узяліся і тыя будаўнічыя матэрыялы. Панавозілі цэглы, цэменту, шкла. Палтаран.
панаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Наараць у вялікай колькасці.
панаву́чвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Навучыцца чаму‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе панавучваліся шыць. Вітка.
панаву́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Навучыць чаму‑н. усіх, многіх. Казіміру было сумна, бо ён тут здружыўся з народам, прывык да яго, і цяпер не хацелася пакідаць і гэтых мілых дзяўчатак, якіх ён панавучваў сапраўднай рабоце ў сябе ў бухгалтэрыі. Скрыган.
панавя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Зрабіць шляхам вязання многа чаго‑н. Панавязваць пальчатак.
2. што. Пачапіць, завязаць што‑н. усім, многім. Панавязваць званкі на шыю жывёле.
панаганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. каго-чаго. Нагнаць, сабраць у адным месцы многа каго‑, чаго‑н. На могілках на дзядзінцы ляжала каменне — крушнямі; сюды панаганяла з вясны, яшчэ ў паводкі, пяску, і цяжка было ступаць: вязлі ногі. Пташнікаў.
2. што. Нацерці (пра мазалі). Панаганяць мазалі на руках.
3. што. Набіваючы, насадзіць на што‑н. усё, многае. Панаганяць абручы на бочку.