пака́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да паказацца.
2. Зал. да паказваць.
•••
На вочы не паказвацца — тое, што і на вочы не пападацца (гл. пападацца).
пака́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да паказаць (у 1–8 знач.).
•••
Вачэй не паказваць — не бываць, не з’яўляцца дзе‑н., у каго‑н.
Пальцам (пальцамі) паказваць (тыкаць, тыцкаць) — звяртаць увагу, указваць на таго, хто праявіў сябе з адмоўнага боку.
паказны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які павінен быць прыкладам, узорам чаго‑н. Паказная стральба.
2. Які разлічаны на знешні эфект, на знешняе ўражанне. [Сціпласць] у Гаварушкі ад пачатку да канца фальшывая, паказная. Бугаёў. Куды дзелася ўся .. паказная ветлівасць [Коха], уся яго гатоўнасць весці спакойную гутарку. Лынькоў. // Які не адпавядае сапраўднасці, прытворны. Паказная радасць. □ Горды сваім сынам і пасадай,.. [Колінг] аглядаў субяседніка з паказным раўнадушшам. Гамолка.
паказу́ха, ‑і, ДМ ‑зусе, ж.
Разм. неадабр. Што‑н. паказное; дзеянні, разлічаныя на знешні эфект, на наказ чаго‑н. у выгадным святле. Мне паказуха не па сэрцу, Не трэба славы паказной! Бялевіч. Марыя Ігнатаўна з першых дзён свайго дырэктарства заявіла рашучае «не» адміністраванню і паказусе. Юрэвіч.
пака́зчык, ‑а, м.
1. Прыкмета, сведчанне чаго‑н. Валоданне замежнымі мовамі ў сярэдневяковай Беларусі лічылася паказчыкам высокай культуры і адукаванасці. Жураўскі.
2. звычайна мн. (пака́зчыкі, ‑аў). Звесткі, атрыманыя ў ходзе якога‑н. дзеяння, працэсу, паводле якіх можна меркаваць аб яго выніках. Высокія паказчыкі. □ Каля дзвярэй вісіць дошка з паказчыкамі выканання плана. В. Вольскі.
3. У матэматыцы — лічба або літара, якая паказвае ступень, у якую ўзводзіцца дадзены лік або выраз.
паказыта́ць, ‑зычу, ‑зычаш, ‑зыча; зак., каго.
Казытаць некаторы час. — Агу-агу! — падышла, тыцнула чорным парэпаным пальцам Глушачыха. Паказытала Верчыну грудку. Мележ.
пакаке́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Какетнічаць некаторы час.
па́калак, ‑лка, м.
Абл. Невялікая палка, кусок ламачыны. Акрамя слоў, услед Кандрату ляцелі камяні і пакалкі. Лобан.
пакаламу́ціцца, ‑муціцца; зак.
Зрабіцца каламутным.
пакаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак., што.
Зрабіць каламутным (ваду, якую‑н. вадкасць).