пава́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Важнічаць некаторы час.
пава́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Важны, поўны годнасці, самавітасці. Сама [Гайная] трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Шамякін. Каржакаватыя, паважныя дубы як бы застылі ў спрадвечным спакоі. Навуменка. // Разм. Вельмі важны; уплывовы. У кабінеце Пятра Іванавіча, дырэктара даволі паважнай установы, сядзеў галоўны бухгалтар Васіль Сазонавіч. Арабей.
2. Спакойны, няспешны, павольны. Паважныя рухі. □ Голас .. [Мікіты] стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Колас. Грузкай паважнай хадою прайшоў Няслаўскі разы два па пакоі. Мурашка.
3. Старэчы (пра ўзрост). Але нішто не кранала лорда. Мо таму быў прычынай больш чым паважны ўзрост. Лынькоў.
паважчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Стаць, зрабіцца больш важкім, цяжкім. Хмары, здавалася, паважчэлі і насунуліся ніжэй. Мележ.
пава́жыцца 1, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Вызначыць сваю вагу шляхам узважвання.
пава́жыцца 2, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Пасмець, асмеліцца. Дні паднявольныя болей не вернуцца; Эх, не надзенуць нам пут... Хай хто паважыцца, хай хто намерыцца — Сам імі будзе ён скут! Чарот. [Бацька:] — Як паважыцца хто памерацца сілаю, гукні свой народ, і ён зноў абароніць цябе. Пальчэўскі.
пава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н.; узважыць. Паважыць мяшок. □ [Гаспадар] вынес з сянец торбу жыта з бязменам, паважыў: — На, бяры свае фунты. Лобан. [Клемс] памацаў зерні пальцамі, наважыў іх на руцэ і сыпнуў. Галавач.
2. Узважыць усё, многае або ўсіх, многіх. Паважыць усю бульбу.
3. і без дап. Важыць некаторы час.
павазі́цца, ‑важуся, ‑возішся, ‑возіцца; зак.
1. Вазіцца, катацца некаторы час. — Я не буду доўга, Зараз жа вярнуся, Трошачкі на рэчцы Ў санках паважуся. Колас.
2. перан. Разм. Аддаць многа часу якой‑н. справе; паваждацца. Хлапец пачынаў разумець, што і над яго пліткай з дзірачкай яшчэ нямала трэба павазіцца, каб з яе атрымалася дэталь. Кулакоўскі.
павазі́ць, ‑важу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-што.
1. Вазіць некаторы час. Павазіць збожжа на машыне. Павазіць дзяцей на санках.
2. Звезці, перавезці ўсё, многае. Павазіць усё сена. Павазіць снапы. □ — Ай ды камуна! Глядзі, як у іх усё ідзе скора і гладка: мы жыта не паспелі павазіць, а яны авёс возяць, — гаварылі сяляне суседніх вёсак. Чарот.
паваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Разм. Памазаць ваксай; наваксаваць. Паваксаваць боты.
пава́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паваліць 1.
2. Тое, што павалена; павалены лес, буралом. У лесе няма ні павалу, ні галля — ён чысты, як падмецены. Пестрак.
павалаво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. Валаводзіцца некаторы час. Веры не ў навіну даіць кароў. Андрэю ж прыйшлося павалаводзіцца. Дуброўскі.