націкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
Разм. Нагледзеўшы што‑н., намеціць для набыцця, выкарыстання. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас.
наці́на, ‑ы, ж.
Разм.
1. Сцябло агароднай расліны (агуркоў, гарбузоў, бульбы). Міця ўжо добра бачыць, што сядзіць на ганку, у вузенькім дворыку, абгароджаным штакетнікам, на які ўзняслі націну гарбузы. Навуменка. Напрадвесні ў склепе, пад хатаю, бульба пусціла доўгую белую націну. Грахоўскі.
2. Тое, што і націнка.
наці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Сцябло травы; травінка. Махрыстыя сняжынкі Ляглі на тонкія націнкі. Колас.
наці́нне, ‑я, н., зб.
Разм. Сцёблы агародных раслін; цяўнік. Аўсы і ячмені таксама зваліліся на зямлю, а націнне бульбы завяла, пахілілася ў барозны. Чарот.
націра́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны для націрання чаго‑н. Націральная машына.
націра́льшчык, ‑а, м.
Той, хто націрае што‑н. Націральшчык падлогі.
націра́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. націраць — нацерці (у 1, 2 знач.).
2. Разм. Лекі для расцірання (хворага месца), уцірання ў скуру. Прыехала.. [Прыбыткоўская] аўтобусам у горад, адразу ў аптэку, узяла.. націранне ад болю ў назе. Чорны.
націра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да нацерціся.
2. Зал. да націраць.
націра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да нацерці.