навазі́ць, ‑важу, ‑возіш, ‑возіць; зак.
1. што і чаго. Прывезці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Склеп у хаце лішні, каб навазіць пяску, яго можна было б і засыпаць... Пташнікаў.
2. каго. Уволю павазіць, пакатаць.
навакаі́н, ‑у, м.
Хімічны прэпарат, які ўжываецца для мясцовага абязбольвання і для лячэння некаторых захворванняў.
[Ад лац. novus — новы і (ка)каін.]
навакаі́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да навакаіну, з прымессю навакаіну.
навако́л,
1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Толя пачаў азірацца навакол. За садкамі, у дальнім кутку агародаў, ён раптам разгледзеў нешта падобнае на будку. Якімовіч. На маленькай плошчы гарадка салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю навакол. Лынькоў.
2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3 знач.). Жняярка стаяла пасярод калгаснага двара, а навакол яе пасталі людзі. Чорны.
навако́ла,
1. прысл. Тое, што і навокал (у 1 знач.). Абляцела рэха долы, Плач разнесла навакола. Калачынскі.
2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3 знач.). Навакола агню стаяць і сядзяць людзі ў вайсковай адзежы. Колас.
навако́лле, ‑я, н.
1. Мясцовасць, якая прылягае, прымыкае да чаго‑н. Наваколле горада. Наваколле лесу. □ Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной і затапляла ўсё наваколле. Новікаў. Дырэктар здзівіўся, што я так ведаю наваколле далёкай Пятроўкі. Шамякін.
2. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н., акаляючая прастора. З паравоза белай птушкай выпырхнула воблачка пары, і адразу ж над наваколлем залунаў басісты гудок. Васілёнак. Ракеты адна за адной ўзляталі ў неба, асвятляючы наваколле бледным святлом. Сіняўскі.
3. перан. Акружаючае асяроддзе. Лявон з маленства цягу меў да тэхнікі, і ў наваколлі.. ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў. Аб магутнай сіле Яўхіма ў наваколлі складаліся казкі. Чарнышэвіч.
навако́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца або жыве ў наваколлі. Навакольныя калгасы. □ Навакольны недалёкі лес дыхаў роснай вільгаццю. Пестрак. З вялікай надзеяй і гонарам глядзяць цяпер усе навакольныя людзі на тры велічныя капры. Кулакоўскі.
2. Які адбываецца навокал каго‑, чаго‑н. Аляксей Аўдзейчык стаіць пад сцяною кароўніка і любуецца навакольнай прыгажосцю восені. Дуброўскі. Шасціць пад коламі лісце, не глушачы навакольных гукаў. Аляхновіч.
3. у знач. наз. навако́льнае, ‑ага, н. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н. Жанчына жыла толькі.. [дзіцем], глухая да навакольнага, поўная роўнай увагі і любасці.. Карпаў.
4. у знач. наз. навако́льныя, ‑ых, мн. Людзі, якія знаходзяцца навокал каго‑, чаго‑н. Верка аглядалася, меркавала, якое робіць уражанне на навакольных. Карпюк.
наваксава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад наваксаваць.
2. у знач. прым. Намазаны, начышчаны ваксай. Стараста вярнуўся з мужчынам у наваксаваных хромавых ботах, галіфэ і жоўтым кажушку. Бураўкін.
наваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Нацерці, начысціць ваксай. Наваксаваць боты.
нава́л, ‑у, м.
Куча чаго‑н. наваленага. Праз якую пару месяцаў калочкі дарожніка глыбока схаваліся пад навалам зямлі. Ракітны.