Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падра́паны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падрапаць.

2. у знач. прым. У драпінах, абшарпаны. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў.

падра́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Абдзерці сабе што‑н. Падрапацца аб кусты.

2. Пакрыцца драпінамі. Падрапаліся халявы.

3. Драпацца некаторы час.

падра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Зрабіць драпіну (драпіны) на чым‑н.; злёгку абдзерці. Падрапаць ногі аб іржышча. □ [Кухаркі] нават аканом баіцца: бегае то туды, то сюды ад адной фурманкі да другой і пакрыквае на парабкаў, каб часам чаго не пабілі, не падрапалі. Каліна. Лістоўкі, якія нельга было адклеіць, Ёшка падрапаў нажом. Пестрак.

2. Драпаць некаторы час; драпнуць некалькі разоў. Воўк прыціснуўся ў кут, заляскаў зубамі, падрапаў зямлю і палез угару. Чорны.

падра́снік, ‑а, м.

Доўгая з вузкімі рукавамі адзежына, якую свяшчэннаслужыцелі надзяваюць пад расу.

падраста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрастаць — падрасці.

падраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падрасці.

падрасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. падрос, ‑расла, ‑расло; зак.

Трохі вырасці. — Мамачкі, як загарэў! — задаволена смяялася.. [маці]. — І падрос. Бацька цяпер і не пазнае. Даніленка. Толькі раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі.

падраўнава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падраўнаваць.

падраўнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Зрабіць паверхню чаго‑н. больш роўнай, гладкай. Дом у панядзелак павінна была прымаць камісія, і прараб з брыгадзірам лёталі, як апантаныя: тое — прыбяры, гэта — падраўнуй... Савіцкі.

падраўно́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падраўноўваць — падраўнаваць.