Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наскле́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Склеіць у вялікай колькасці.

наскле́лы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Які настыў, намёрзся. Холадна ў галёнкі, і жывёла ледзьве ступае нагамі, насклелымі і здранцвелымі. Пташнікаў. Насклелы твар абдало знаёмымі пахамі малака, .. каравяку. Місько.

наско́к, ‑у, м.

1. Скачок з мэтай нападу. Наскок звера. // Імклівы варожы напад. Каб лягчэй было адбіць Ворагаў наскокі — Загадаў ён [князь] роў прарыць, Як рака, глыбокі. Гілевіч. Захопнікі заселі ў Карчэвічах, і пачаліся штодзённыя наскокі на Скумаўскі лес. Дуброўскі.

2. перан. Нападкі, абвінавачванні, часцей грубыя, беспадстаўныя. Адміністрацыйны наскок. □ Замест бурнага наскоку, да якога я падрыхтаваўся загадзя, жонка толькі засмяялася і сказала: — Ого, дык ты не толькі рыбы, але і ліса злавіў? Ляўданскі.

•••

З наскоку — а) з разгону, хутка; б) не падумаўшы як след, добра не разабраўшыся. [Валатовіч:] — [Бародка] заўсёды ўсё рабіў з наскоку, штурмам, без належнай праверкі. Шамякін.

наско́кам, прысл.

Разм. З разгону, хутка; адразу. [Кастусю] хлопцы казалі: латынь наскокам не возьмеш. Б. Стральцоў. // Мімаходам, наездам, выпадкова. [Алесь:] «Забыўся я на казарму. У арцелях наскокам бываю. Адарваўся. Бачаць хлопцы, гледзячы не, .. толькі начальніка, якога баяцца трэба.. Нядобра гэта!» Шынклер.

наско́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наскочыць (у 1, 2 знач.).

наско́ра, прысл.

Разм. Хутка, наспех. Зрабіць наскора. Паесці наскора. □ К .. [краўцу] падбягалі людзі, наскора віталіся і адбягалі да работы. Чорны.

наско́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Скаціць адкуль‑н. або куды‑н. у вялікай колькасці. Наскочваць камення з гары. Наскочваць кучу бярвення.

наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.

2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.

4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.

•••

Наскочыла каса на камень гл. каса.

наскраба́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да наскрабаць.

наскраба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наскрэбці.