наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.
1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.
2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.
3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.
4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.
•••
Наскочыла каса на камень гл. каса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)