Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падрабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да падрабіцца.

2. Зал. да падрабляць.

падрабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падрабіць ​1.

падрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

1. Стаць дробным, драбнейшым. Дождж, які перад гэтым ліў як з лубу, спачатку падрабнеў, затым перастаў зусім. Сіняўскі. Лес падрабнеў — пайшлі нізкія тонкія елкі. Пташнікаў.

2. перан. Страціць унутраную значнасць, стаць пасрэдным. — Эхе-хе, мая дзяціна, — Уздыхнуў Даніла дзед: — Падрабнела і людзіна, Падрабнеў цяпер і свет. Колас.

падрабнёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падрабніць.

падрабні́цца, ‑дробніцца; зак.

Скрышыцца, раздрабіцца на частачкі. Камень падрабніўся.

падрабні́ць, ‑драбню, ‑дробніш, ‑дробніць; зак., што.

Скрышыць, раздрабіць на частачкі.

падрабры́нне, ‑я, н.

Спец. Месца пад рэбрамі. Левае падрабрынне.

падрабры́нны, ‑ая, ‑ае.

Які размяшчаецца, знаходзіцца пад рэбрамі. Падрабрынная плеўра. Падрабрынныя мышцы.

падрабя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць падрабязнага. Падрабязнасць паведамлення.

2. Прыватная дэталь, дробная акалічнасць якой‑н. справы і пад. [Мікола і Таня] абгаварылі ўсе падрабязнасці будучага вяселля: і калі яго пачаць, і каго запрасіць, і як трымацца на людзях. Новікаў. Наведвальнікі паведамлялі ўсё новыя і новыя падрабязнасці пра палёт Цітова, і Зіна толькі і слухала іх. Васілёнак.

падрабя́зны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі грунтоўны, дакладны, з усімі дэталямі і дробязямі. Падрабязны план. Падрабязная біяграфія. Падрабязнае паведамленне. □ У вопратцы.. [Кіда] было шмат патайных кішэняў, у якіх.. [пагранічнікі] знайшлі падрабязную карту Чукоцкага ўзбярэжжа. Бяганская.