Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце; пр. падпрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. падпражы; зак., каго.

Запрэгчы дадаткова да ўжо запрэжанай жывёліны; прыпрэгчы.

падпрэ́гчыся, ‑прагуся, ‑пражэшся, ‑пражэцца; ‑пражомся, ‑пражацеся; пр. падпрогся, ‑прэглася і ‑праглася, ‑прэглася і ‑праглося; заг. падпражыся; зак.

Разм. Пачаць цягнуць што‑н., памагаючы каму‑н.; прыпрэгчыся. — Максім занудзіўся без работы, — жартавала Параска. — Можа хоча ў прывод падпрэгчыся. Грахоўскі.

падпу́дрывацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падпудрыцца.

2. Зал. да падпудрываць.

падпу́дрываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпудрыць.

падпу́дрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Злёгку напудрыцца. [Ніна] ціхенька, каб ніхто не бачыў, падпудрылася, губкі накусала, бровы насліненымі пальцамі ў стрэлачкі сабрала... Лобан.

падпу́дрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Разм. Злёгку напудрыць. Падпудрыць нос.

падпу́нкт, ‑а, М ‑кце, м.

Раздзел тэксту, які з’яўляецца часткай якога‑н. параграфа, пункта. Другі падпункт трэцяга параграфа.

падпуска́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да падпускаць.

падпуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпусціць.

падпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Даць магчымасць падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Густы хмызняк шчыльна прыкрываў засаду. Партызаны падпусцілі .. [немцаў] метраў на дваццаць і тады адкрылі агонь. Дзенісевіч.

2. перан. Разм. Надаць (мове, выказванню і пад.) дадатковы сэнс, якое‑н. адценне; дапоўніць сказанае чым‑н. Маўчаць Іван Пятровіч не ўмеў — ён увесь час каменціраваў гульню: то жарт падпусціць, то прыказку якую прыгадае, то анекдоцік раскажа. Васілёнак.

•••

Падпусціць шпільку — сказаць што‑н. непрыемнае, з’едлівае; падкалоць.