паслядо́ўнік, ‑а, м.
Той, хто прытрымліваецца чыіх‑н. поглядаў, якога‑н. вучэння і кіруецца імі ў сваёй дзейнасці; той, хто бярэ прыклад з каго‑н. Паслядоўнікі Аляксея Стаханава. □ Апавяданні Я. Коласа і яго паслядоўнікаў прасякнуты пафасам узвелічэння чалавека працы. Пшыркоў. У Сярмяжкі безліч паслядоўнікаў, свой багаты вопыт ён ахвотна перадае другім. Дадзіёмаў.
паслядо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які бесперапынна наступае, ідзе адзін за адным. Дынаміка падзей раскрываецца не ў плане іх паслядоўнага паказу, а праз адлюстраванне асобных момантаў, эпізодаў. Дзюбайла.
2. Які заканамерна вынікае з чаго‑н., не заключае ў сабе супярэчнасцей; лагічна абгрунтаваны. Паслядоўныя разважанні, вывады. // Які няўхільна прытрымліваецца пэўных прынцыпаў, поглядаў, кіруецца імі. Паслядоўнае правядзенне ў жыццё ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ У поглядах на ўзаемаадносіны чалавечай асобы і грамадства паэт астаецца паслядоўным дэмакратам. Навуменка.
пасляза́ўтра, прысл.
Праз дзень пасля сягонняшняга дня. Як ні было цяжка сёння, а .. [Зоні] хочацца ісці на гэтую работу заўтра, і паслязаўтра, і кожны дзень. Кулакоўскі. — Надоечы мне Арына Самусёва казала, як сакрэт, што Берагі няйначай думаюць паслязаўтра прыйсці к нам у сваты. Гартны.
пасляза́ўтрашні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Які будзе, адбудзецца паслязаўтра. [Каця] добра пражыла ўчарашні дзень, нядрэнна ідзе сённяшні, яна ведае, які будзе і заўтрашні і паслязаўтрашні. Гаўрылкін.
пасляз’е́здаўскі, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца пасля з’езда. Першы пасляз’ездаўскі пленум.
паслякастры́чніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да часу пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У паслякастрычніцкі перыяд, калі Беларусь упершыню ў гісторыі атрымала сваю дзяржаўнасць, пачынаецца новы этап у вывучэнні спадчыны Скарыны. Алексютовіч. Ужо ў першае паслякастрычніцкае дзесяцігоддзе графіка не толькі пабыла «правы грамадзянства», але выйшла на перадавыя рубяжы беларускага савецкага мастацтва. Шматаў.
пасляледніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да часу пасля ледніковай эпохі. Пасляледніковы перыяд.
пасляло́г, ‑а, м.
Спец. Частка слова або часціца, якая адпавядае па функцыі прыназоўніку, але ўжываецца пасля слова.
паслянавальні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца пасля навальніцы. Паслянавальнічная цішыня.