Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпару́чнік, ‑а, м.

Чын афіцэра ў царскай арміі, які ішоў за чынам прапаршчыка. // Асоба, якая мела гэты чын.

падпа́сак, ‑ска, м.

Памочнік пастуха (звычайна падлетак). Быў [Міхаль] спачатку падпаскам, потым пастухом, а калі вырас і ўвабраўся ў сілу, стаў парабкам. Чарнышэвіч. Наперадзе статка ішоў пастух, а ззаду — падпасак з даўжэзнай, у шмат разоў большай за яго пугай, якой практыкаваўся «страляць». Гурскі.

падпа́свіч, ‑а, м.

Абл. Падпасак. Каля скацінкі падпасвіч з жалейкаю Ходзіць навокал ды йграе сабе. Купала.

падпа́скавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падпаска, належыць яму. Гудзе гамонка ручаін, Трава паблісквае з нізін, Гучыць падпаскава труба, І апранаецца вярба Пушыстымі каткамі... Лужанін.

падпа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

1. Апынуцца ў залежнасці ад чаго‑н., падпарадкавацца чаму‑н.; стаць аб’ектам якога‑н. дзеяння. Падпасці пад шкодны ўплыў. Падпасці пад мабілізацыю. Падпасці пад падазрэнне. □ Гэты.. партызанскі генерал ваяваў на фронце барацьбы Заходняй Беларусі, калі яна падпала пад акупацыю панскай Польшчы. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Нечакана ўзнікнуць. Падпала ахвота. // Падкінуцца, прыкінуцца (пра хваробу). Падпала гарачка.

падпаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпаўзці.

падпаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; зак.

1. Паўзком наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Жанчына падпаўзла да сцяны і, сабраўшы апошнія сілы, устала. Кулакоўскі. Да варожага дота Два байцы падпаўзлі. Смагаровіч. // перан. Разм. Вельмі павольна наблізіцца, падысці (пра машыну, поезд і пад.). Уначы .. доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны.

2. Паўзком забрацца пад што‑н. Непадалёк убачыў [Міша] густую елку, падпоўз пад яе лапкі. Жычка.

падпа́хавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пахі. Падпахавая ямка.

падпа́хваць, ‑ае; незак.

Разм. Крыху пахнуць (звычайна непрыемна). Рыба ўжо падпахвае.

падпа́шнік, ‑а, м.

Кавалачак тканіны, прышыты знутры адзення пад пахамі.