Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наро́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да народнік.

наро́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да народніцтва, народніка; які выражае погляды народніцтва, народнікаў. Народніцкая праграма.

наро́дніцтва, ‑а, н.

Грамадска-палітычны рух у асяроддзі дробна-буржуазнай інтэлігенцыі Расіі ў другой палове 19 ст., які ідэалізаваў сялянскую абшчыну і адмаўляў рэвалюцыйную барацьбу пралетарыяту.

наро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да народа (у 1–3 знач.), створаны народам. Народныя песні. Народная мудрасць. Народная творчасць. Краіны народнай дэмакратыі. □ Атрад быў часткай вялікай народнай сям’і. Брыль.

2. Які належыць дзяржаве, усяму народу. Народны набытак. □ Больш увагі рабоце заводаў павінны ўдзяляць мясцовыя Саветы. Гэтага настойліва патрабуюць інтарэсы народнай гаспадаркі. «Звязда».

3. Цесна звязаны з народам, уласцівы духу народа, яго культуры, светапогляду. Савецкая літаратура — народная літаратура. // У складзе некаторых назваў устаноў, арганізацыі службовых асоб. Народная міліцыя. Народны дэпутат. Народны засядацель. Народная дружына. // У складзе ганаровых званняў, якія падаюцца дзеячам культуры. Народны артыст рэспублікі. Народны пісьменнік. Народны мастак.

4. У дарэвалюцыйнай Расіі — створаны спецыяльна для ніжэйшых слаёў грамадства. Народныя школы. Народныя сталовыя.

наро́кам, прысл.

Разм.

1. Жартам, не ўсур’ёз. Я жартую. Я нарокам. Хай жа хто з вас кіне вокам: Ці падобны я на дзеда? Крапіва. Крэхча хітры старычына, Стогне, войкае нарокам, Як бы й праўда, што баліць. Колас.

2. Наўмысна. [Веры Андрэеўне] здаецца, што Дуня стукае нарокам, неахайна нешта робіць. Арабей.

наро́схліст, прысл.

Разм.

1. На ўсю шыр, насцеж. Праз адчыненыя наросхліст дзверы прарэзліва дзьмуў .. вецер. Шынклер.

2. Тое, што і наросхрыст. З вялікаю павагай глядзеў я на чалавека ў даўгім кажуху наросхліст. Звонак.

наро́схрыст, прысл.

Расшпіліўшыся, расхінуўшы краі адзежы. Кашуля наросхрыст. □ Работа мая падыходзіла ўжо к канцу, калі да машыны падбег хлопец у сіняй спяцоўцы і вайсковым бушлаце наросхрыст. Кулакоўскі. У дзвярах будкі без шапкі, з раскудлачанымі валасамі, у расхінутай наросхрыст ватоўцы стаяў пуцявы абходчык. Васілёнак.

•••

Душа наросхрыст гл. душа.

наро́сцеж, прысл.

Разм. Адкрыта, шчыра (гаварыць, выступаць). Містэр, гавару я з вамі наросцеж, Каб пачуў мяне За акіянам народ. Карызна.

наро́ўні,

гл. нараўне.

наро́шчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нарошчваць.