Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпампо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпампаваць.

падпа́нак, ‑нка, м.

Разм. Небагаты пан; паўпанак. Неяк да Братка завітаў малодшы сын пана Залуцкага з х[е]ўрай падпанкаў. Асіпенка. Селяніна крыўдзілі розныя панскія паслугачы, падпанкі, аканомы, цівуны. Саламевіч.

падпарадкава́льны, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — які злучае сказы па спосабу падпарадкавання (у 2 знач.). Падпарадкавальная сувязь сказаў. Падпарадкавальныя злучнікі.

падпара́дкаванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падпарадкаваць і стан паводле знач. дзеясл. падпарадкавацца.

2. У граматыцы — спосаб злучэння сказаў, пры якім адзін сказ залежыць ад другога. Падпападкаванне даданых сказаў.

падпара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падпарадкаваць.

падпара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак. і незак.

1. Апынуцца (быць) у залежнасці, пад уладай каго‑, чаго‑н., падначаліцца (падпачальвацца) каму‑н.; паслухацца (слухацца) каго‑н. Станіслаў Вярбіцкі поўнасцю падпарадкаваўся новаму механіку і без яго загаду сам ні за што не браўся. Чарнышэвіч. [Камендант:] — Я — салдат і падпарадкуюся толькі свайму камандаванню. Грахоўскі. Скінуўшы шынель, [Грушэўскі] расставіў студэнтаў і запрапанаваў заспяваць ужо вядомую песню. У яго было столькі ўпэўненасці, што студэнты падпарадкаваліся. Карпюк.

2. Зрабіць (рабіць) што‑н. пад уздзеяннем чаго‑н., у адпаведнасці з чым‑н. Падпарадкаваўшыся позняму часу, я неўзабаве лёг спаць, але сон не прыходзіў. Ракітны. Дзейнасць [Саўкі] болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці. Колас.

падпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

1. Узяць пад сваю ўладу каго‑, што‑н.; прымусіць слухацца каго‑н. [Маці] хочацца пасварыцца і ў гэтай сварцы перамагчы Платона, на ўсё жыццё падпарадкаваць яго сабе. Асіпенка.

2. Паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н., прымусіць дзейнічаць адпаведна чаму‑н. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы агульным. Колас. [Булай:] — Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Шыцік.

3. У граматыцы — звязаць паводле спосабу падпарадкавання (у 2 знач.). Падпарадкаваць даданы сказ галоўнаму.

падпарадко́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падпарадкавацца.

2. Зал. да падпарадкоўваць.

падпарадко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпарадкаваць.

падпаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак., што.

Трохі распароць знутры. Падпароць падкладку.