Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паты́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Пачаць тыкацца, гаварыць на «ты». — Што ты патыкаўся са мною? — крычала крапіва асоту: — Ці я табе раўня? Цётка.

патыка́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Незак. да паткнуцца.

патыка́цца 2, а́ецца; незак.

Зал. да патыка́ць ​2.

паты́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Папароць, пакалоць. І не было на кажусе ні аднаго жывога месца: так застракацілі яго белыя і чорныя ніткі і так патыкала яго іголка. Колас.

2. і без дап. Тыкаць некаторы час; тыкнуць некалькі разоў. — Вось ты паглядзі, — Лапцін патыкаў рукой на талеркі: — Нам гэта за што далі? Савіцкі.

патыка́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткнуць.

патыка́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткаць (у 3 знач.).

паты́ліца, ‑ы, ж.

Задняя частка галавы. [Раман] шпарка хадзіў за плугам і толькі на заваротах выціраў мокры лоб, адсоўваючы на патыліцу шапку. Колас. Квяцістая хустачка .. [Зосі] з’ехала на плечы, адкрыўшы гладка зачасаныя цёмныя валасы, заплеценыя ў косы і завязаныя ў вузел на патыліцы. Хадкевіч.

•••

Чухаць патыліцу гл. чухаць.

паты́лічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да патыліцы. Патылічная косць.

патынкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патынкаваць.

патынкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Атынкаваць усё, многае. Ну, а цяпер хацелася б давесці ўсё да ладу ў хаце — і патынкаваць, і пафарбаваць як след. Палтаран.

2. і без дап. Тынкаваць некаторы час. Патынкаваць з гадзіну.

патырча́ка, ‑і, ДМ ‑чацы, Р мн. ‑чак; ж.

Тое, што і патарчака. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

патырча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Тырчаць некаторы час дзе‑н. [Лявон:] «Э, хай будзе тое, што павінна быць! Яшчэ з гадзіну патырчу тут, і трэба брацца дадому». Дамашэвіч.

патысо́н, ‑а, м.

1. Агародная расліна сямейства гарбузовых.

2. Пляскаты, з зубчастымі краямі плод гэтай расліны.

патыха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патыхаць.