Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папа́р, ‑у, м.

Поле, пакінутае на адно лета незасеяным з мэтай паляпшэння глебы пад пасеў азімых. Узараць папар. Пераворваць папар. □ Пасвіў я на папары. Гэта вялікі клін зямлі, пакінуты дзірваном да самай восені. Грамовіч. І зелянелі вербалозы, А за гарой папар чарнеў. Бядуля.

папарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; што, чаго і без дап.

Разм. Рабіць многа, доўга, неаднаразова. [Сузон:] — Парабкаў .. [Сапун] не меў як бы, але хто ў яго хлеб пазычаў, той ведае, той папарабіў на яго. Галавач.

папа́равы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і папарны.

папара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад папарадкаваць.

папара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Прывесці ў парадак; навесці парадак. — Ты папарадкуй рэчы, Танечка, а я схаджу ў рэдакцыю, — сказаў Сяргей. Машара.

папараска́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, чаго, аб кім-чым, пра каго-што, з дадан. сказам і без дап.

Разм. Расказваць доўга, неаднаразова; расказаць многа чаго‑н. [Хлопец:] — Людзі ўсё — во!.. Дружныя, таварыскія. Я вам мог бы столькі пра іх папарасказваць, што вам аж да вечара хапіла б слухаць. Васілёнак.

па́паратнік, ‑у, м.

Тое, што і папараць. Спелі ягады. За суніцамі — чарніцы, ад якіх аж чорна было між рослага папаратніку. Мележ. Перад світаннем Грысь зацягнуў у кусты лодку, прыкрыў яе зялёным веццем, папаратнікам, а сам пайшоў дадому. Кулакоўскі. Недалёка, у густым папаратніку, ён наткнуўся зноў на забітых. Сачанка. Любужскі бор сустракае густым здаровым пахам хвоі і папаратніку. Кандрусевіч.

па́паратнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да папаратніку. Сустракаюцца тут і асіннікі, то з дрэвамі добрага росту і папаратнікавым покрывам, то забалочаныя — асаковыя. Гавеман.

папараўці́, ‑раву, ‑равеш, ‑раве; ‑равём, ‑равяце; зак.

Разм. Раўці доўга, неаднаразова.

папарахне́ць, ‑ее; зак.

Разм. Стаць спарахнелым, трухлявым — пра ўсё, многае. [Нахлябіч] паглядзеў навокал ды і кажа: гумно.. ваша ледзьве ліпіць, ды і ўсе будынкі папарахнелі, зараз параскідаюцца. Чорны.