Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае падабенства з кім‑, чым‑н., нагадвае каго‑, што‑н. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. Шамякін. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі. Перасыльная біржа была вельмі падобнай на лагер ваеннапалонных, толькі меншая намерам. Якімовіч.

2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка). Другі падобны выпадак здарыўся ў курортным горадзе Дуброўніку, дзе мы жылі некалькі дзён. Брыль.

3. У геаметрыі — які мае падобнасць (у 2 знач.). Падобныя многавугольнікі. Падобныя конусы.

•••

І падобнае (скарочана: і пад.) — ужываецца ў канцы пералічэння, паказваючы на тое, што яно можа быць прадоўжана.

Нічога падобнага гл. нішто ​1.

падо́л, ‑у, м.

Ніжні край сукенкі, кашулі і пад. Падол шырокай і не па росту доўгай сукенкі кругам ляжаў на падлозе, закрываючы ногі. Хомчанка.

падо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

Перамагчы ў бойцы, барацьбе; асіліць. Нас не падолець у бітвах крывавых, Страх невядомы савецкім людзям. Глебка. // перан. Разм. Перасіліць, пераадолець якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад. Хоць патуранне [вучням] было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас.

падо́нак,

гл. падонкі (у 2 знач.).

падо́нкі, ‑аў; адз. падонак, ‑нка, м.

1. адз. няма. Рэшткі вадкасці з асадкамі на дне пасудзіны.

2. перан. Дэкласаваныя, разбэшчаныя, злачынныя элементы грамадства. [Завербаваныя] былі выпадковыя людзі, розныя падонкі, якія трапілі ў рады Чырвонай Арміі, ратуючыся ад суда і следства, ім было ўсё роўна, каму служыць, абы толькі не сядзець за калючым дротам і не галадаць... Машара. Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала: — Падонак ты! Што ты разумееш? Шамякін.

падо́нне, ‑я, н., зб.

Тое, што і падонкі (у 2 знач.). [Бацька:] — Нічога ты [Стась] яшчэ не ведаеш. Тваё гора, што часта аціраешся сярод такога падоння. Губарэвіч.

падо́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падарыць.

падо́сак, ‑ска, м.

Вузкая жалезная паласа, урэзаная пад ніз восі драўляных калёс.

падо́ўгу, прысл.

На працягу доўгага часу, доўга. Цяпер бацька працаваў на камбайне і зноў падоўгу не бываў дома. Даніленка. Пачуўшы.. вясёлыя крыкі [дзяцей], Ленін прыходзіў на.. дарожку, садзіўся на лаўку і падоўгу глядзеў на забавы малых. Хомчанка.

падо́ўжанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць падоўжанага (у 2 знач.). Падоўжанасць твару.